Барысаў: райвыканкам у чарговы раз парушае заканадаўства
Барысаўскім раённым выканаўчым камітэтам абвешчана грамадскае абмеркаванне будаўніцтва гандлёвага цэнтра ўжо пасля таго, як пачалася высечка драўнянага масіва.
У маі гэтага года на скрыжаванні вуліц Гагарына, Будаўнікоў і Даўмана ў горадзе Барысаве раптам пачалі высякаць зусім здаровыя маладыя хвоі. У гэтым «трохкутніку» мясцовыя жыхары гулялі з дзецьмі, адпачывалі, масіў даваў магчымасць дыхаць свежым паветрам у непасрэднай блізкасці ад ажыўленай аўтатрасы Мінск-Віцебск-Масква ...
Зразумела, што такое ўмяшанне выклікала пратэст, які меў спрэчнае наступства: было не зразумела, ці выжывуць дрэвы пасля такога чалавечага ўмяшання. Каб супрацьстаяць высечцы, жыхары забівалі ў ствалы соснаў вялізныя цвікі, пасля чаго спілоўваць ствалы не ўяўлялася магчымым. Дрэвы ўсё ж спілавалі.
І толькі 7 жніўня на сайце Барысаўскага райвыканкама было абвешчана аб грамадскім абмеркаванні будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра, заказчыкам якога з'яўляецца ТАА «Сам Инвест», распрацоўшчыкам - ТАА «Проект-Строймастер Плюс». Да гэтага дня ў жыхароў мікрараёна так ніхто і не пацікавіўся, ці патрэбны ім гэты цэнтр.
Практыка аб'явы грамадскага абмеркавання ўжо пасля пачатку будаўніцтва ўласцівая Барысаўскаму райвыканкаму. Менавіта такім чынам пачата будаўніцтва гандлёвага цэнтра ў былым ваенным гарадку Печы.