Віктар Малочка судзіцца з Салігорскім тэлеканалам
Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Віктар Малочка
накіраваў іскавую заяву ў суд на Салігорскі тэлеканал. Рашэнне судзіцца з
мясцовымі тэлевізіёншычкамі актывіст прыняў з-за адмовы апошніх паставіць у эфіры
у сакавіку 2013 году віншаванні з 95-годдзем Беларускай Народнай Рэспублікі ды
адказамі на свае звароты на рускай мове.
- Яшчэ на пачатку сакавіка мною сумесна з мясцовымі актывістамі Таварыства
беларускай мовы ў СТК была накіравана заява, датычная ўжывання беларускай мовы
ў эфіры тэлеканала. У тым ліку мы прасілі ў паслугу па размяшчэнне ў эфіры
святочных віншаванняў уключыць магчымасць замаўляць беларускамоўныя вершы ды
песні беларускамоўных выканаўцаў, - кажа Віткар Малочка. - На жаль, нашую
просьбу не
задаволілі. Больш за тое, адказ нам далі на чысцюткай рускай мове.
Актывіст лічыць, што такімі дзеяннямі дырэкцыя тэлеканала груба парушыла Закон
«Аб зваротах грамадзян», а таксама Канстытуцыю Беларусі, якая замацоўвае
роўнасць беларускай і рускай моваў.
- Таксама я звяртаўся да Салігорскага тэлеканала з просьбай павіншаваць 25
сакавіка жыхароў гораду з 95-мі ўгодкамі абвяшчэння БНР. Безумоўна, я быў
гатовы аплаціць гэтую паслугу па адпаведных расцэнках рэдакцыі. Аднак прачытаць
у эфіры верш Ніла Гілевіча «Наша Свята» ды паставіць музыкальную кампазіцыю ў
выкананні Данчыка на верш Наталлі Арсенневай «Хатка па-над рэчкаю» рэдакцыя
адмовілася. Застаўку
ў выглядзе герба «Пагоня» пад час выканання кампазіцыі прыняць таксама
не пажадалі, - распавядае спадар Малочка.
Сваю адмову рэдакцыя тэлеканала патлумачыла наступным чынам: Дзень Волі
адсутнічае ў пераліку дзяржаўных святочных датаў, герб «Пагоня» не мае
рэгістрацыйнага нумара, а песня Данчыка нібыта адсутнічае ў рэпертуары канала.
З такой пазіцыяй салігорскіх тэлевізіёншчыкаў Віктар Малочка катэгарычна не
згодны, а шукаць праўду вырашыў у судзе. Акрамя прызнання факту парушэння
заканадаўства, актывіст просіць суд абавязаць рэдакцыю СТК прынесці ў
сваім эфіры яму і ўсім жыхарам Салігорска публічныя выбачэнні, якія абавязкова
мусяць гучаць на беларускай мове. За адмову пусціць у эфір віншаванне з Днём
Волі па надуманых прычынах ды за парушэнне Закону «Аб зваротах грамадзян» Віктар
Малочка патрабуе ад Салігорскага тэлеканала кампенсацыі нанесенай маральнай
шкоды ў памеры аднаго мільёна беларускіх рублёў.
Таксама Віктар Малочка просіць суд усталяваць для канала СТК моўны рэжым
вяшчання навіновых ды іншых перадач ў суадносінах 50/50 для беларускай і рускай
моваў, а паслугу святочных віншаванняў пашырыць беларускамоўнымі вершамі ды
музычнымі калектывамі.