viasna on patreon

Праваабаронцы актывізуюць працу з праваабарончымі механізмамі ААН

2013 2013-06-13T00:29:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aan-logo.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларускія праваабронцы выкарыстоўваюць праваабарончыя механізмы ААН, калі аднавіць парушаныя правы на нацыянальным узроўні  немагчыма. Наколькі эфектыўная гэтая праца, распавядаюць праваабаронцы з “Вясны”. 

Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна”:

- “Вясна” вельмі актыўна працуе з механізмамі ААН. Таму што гэта адзіная праваабарончая сістэма, у якую беларусы могуць звяртацца для абароны сваіх правоў. Мы вельмі актыўна працавалі па лабіяванні прыняцця мандата спецдакладчыка Рады па правах чалавека ААН. А пасля таго, як ён быў уведзены, мы былі з ім у шчыльным супрацоўніцтве. Таксама нашыя аддзяленні дапамагаюць людзям звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.  

Леанід Судаленка, Гомель:

- Грамадзяне Беларусі маюць адзіную магчымасць адстояць парушаныя правы на наднацыянальным узроўні -- шляхам падачы індывідуальнай скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. У адрозненне ад іншых краін еўрапейскага кантыненту, нашы грамадзяне пазбаўлены магчымасці  скардзіцца ў Еўрапейскі суд. Таму, канешне, трэба выкарыстоўваць гэтую магчымасць. Урад Беларусі адмаўляецца выконваць рашэнні, якія ўжо прыняты Камітэтам, і ў якіх устаноўлены тыя ці іншыя парушэнні правоў беларускіх грамадзян, але мы, праваабаронцы, лічым, што так не павінна быць. Мы ўпэўнены, што прыйдзе час, калі ўрад Беларусі будзе клапаціцца пра імідж на міжнароднай арэне.

Я прывяду статыстыку: на сённяшні дзень у Камітэце ААН зарэгістравана каля 150 скаргаў ад беларускіх грамадзян. Па 46 ёсць ужо станоўчыя вынікі, дзе Камітэт сказаў, што дзяржава парушыла правы заяўнікаў.

Леанід Свецік, Віцебск:

- З 2005 года ў Камітэт па правах чалавека ААН з Віцебскага рэгіёна было пададзена больш за 20 індывідуальных скаргаў ад грамадскіх і палітычных актывістаў. У дадзены час ужо зарэгістравана 18 такіх скаргаў. Па 5 скаргах ужо прызнана, што беларуская дзяржава парушыла грамадзянскія і палітычныя правы віцяблян. З гэтых скаргаў хачу вылучыць скаргу Антаніны Піванос, якая публічна падарыла вядомаму віцебскаму актывісту Барысу Хамайду вышытую малітву “Ойча наш”. Калі яна гэта зрабіла, яе затрымалі і пакаралі штрафам. Дзяржава нават забараняе публічныя дарэнні тых ці іншых рэчаў, гэта прыраўнена да масавых мерапрыемстваў. Гэта абсурдна.

Уладзімір Малей, Брэст:

- З кожным годам праваабаронцы Брэсцкай вобласці павялічваюць колькасць падачы паведамленняў аб парушэнні правоў чалавека ў Камітэт па правах чалавека ААН. У гэтым годзе праваабаронцы Брэста падалі 3 такія паведамленні – яны датычаць абмежавання права на мірныя сходы ў горадзе Брэсце і Маларыце, а таксама на парушанае права жыхаркі Брэста на свабоду сумлення -- ёй ужо 6 гадоў не налічваюць пенсію па прычыне яе адмовы атрымаць  пашпарт новага ўзору з індыфікацыйным нумарам.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства