За пяць год Канстытуцыйны суд не знайшоў неадпаведнасці Канстытуцыі ў законах
А з 1996 года не праверыў на адпаведнасць галоўнаму закону краіны ніводнага ўказа і дэкрэта.
Заўважаю, што Канстытуцыйны суд праверыў на адпаведнасць Канстытуцыі закон "Аб насенняводстве" і "Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі". Парушэнняў Канстытуцыі не знайшоў. Няўжо суд правярае ўсё законы запар?
"Правяраюцца ўсе законы, прынятыя Палатай Прадстаўнікоў, якія ўхваліў Савет Рэспублікі на стадыі перад падпісаннем прэзідэнтам", — тлумачаць у галоўным судзе.
Усе законы правяраюцца абавязкова. Праверыць іншыя заканадаўчыя акты (пастановы, указы, дэкрэты) на адпаведнасць Канстытуцыі суд па ўласным жаданні не можа.
"Суд правярае не таму, што так захацелася, а ў выпадку, калі атрымае прапанову".
Прапанаваць могуць шэсць суб'ектаў — прэзідэнт, урад, дзве палаты парламента, два суды — Вярхоўны і Вышэйшы гаспадарчы.
Раней Канстытуцыйны суд не правяраў усе законы запар, распавядае суддзя першага складу КС Міхаіл Пастухоў.
"Але пазней склалася такая сітуацыя, што Канстытуцыйны суд застаўся фактычна без працы. Часам звярталіся грамадзяне, суб'екты не праяўлялі ніякай ініцыятывы. Бо гэта было б вынасам смецця — казаць, што ёсць кепскія законы. Таму ўсе 6 суб'ектаў папросту маўчалі".
Таму пазней суду дадалі абавязак правяраць усе законы. Як ні дзіўна выглядае, гэты абавязак прапісаны дэкрэтам прэзідэнта. Адбылося гэта 26 чэрвеня 2008 года. З тых часоў суд правярае на адпаведнасць Канстытуцыі ўсё законы, прынятыя парламентам. За год у сярэднім такіх законаў 110-120. За 2012 год суд праверыў 113 законаў на адпаведнасць Канстытуцыі.
Міхаіл Пастухоў: "Ад 26 чэрвеня 2008 года КС не ўстанавіў ніводнага факта неадпаведнасці Канстытуцыі законаў, якія прыняў парламент".
У мінулым годзе суд сфармуляваў больш за 20 правых пазіцый у сваіх рашэннях. Гэтыя прававыя пазіцыі ўдакладняюць сэнс асобных норм законаў. 13 гэтых прававых пазіцый былі ўлічаныя. Напрыклад, падоўжылі тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне пенсіі. Такую практыку перанялі ў Расіі.
Міхаіл Пастухоў: "У нас таксама вырашылі выказваць прававыя пазіцыі. Праўда, у іх не разбярэцца ніводны юрыст: што хацелі сказаць суддзі? Можна вывучаць закон і пазіцыю суда, каб разабрацца ў нюансах, але практычнага рашэння гэтыя пазіцыі, на мой погляд, не маюць".
Але грамадзяне ўсё роўна пішуць звароты, штогод іх прыходзіць каля тысячы. Адзін з такіх зваротаў нават стварыў прэцэдэнт. Калі выпускнік хацеў служыць у войску па кантракце, замест размеркавання, а быў вымушаны плаціць кампенсацыю. Суд прыняў рашэнне, каб абавязковае размеркаванне можна было замяніць службай у войску.
Чаму ж грамадзяне не маюць магчымасці наўпрост звяртацца ў Канстытуцыйны суд?
"Калі яны пачнуць скардзіцца на парушэнне канстытуцыйных правоў, то на якія акты яны пачнуць скардзіцца?" — адказвае Міхаіл Пастухоў.
Парламент выдае каля 100 заканадаўчых актаў за год, урад — яшчэ менш, прэзідэнт выдае каля 600 указаў і 10-20 дэкрэтаў, распавядае Міхаіл Пастухоў.
"Ад моманту роспуску першага склада Канстытуцыйнага суда ў снежні 1996 года, суд не разглядзеў на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі ніводнага дэкрэта і ўказа прэзідэнта".
У Канстытуцыйны суд першага склікання звярталіся старшыня Вярхоўнага савета, дэпутаты, генпракурор, старшыні Вярхоўнага і гаспадарчых судоў. І спраў было столькі, што суддзі не паспявалі ўсё разглядаць.
"Зваротаў было больш чым дастаткова. Нават быў запас спраў, якія нас чакалі, і мы не паспявалі іх разглядзець. У асноўным звяртаўся Мечыслаў Грыб, а потым Шарэцкі. Звярталіся дэпутаты, каля 70 чалавек. Маглі звяртацца пастаянныя камісіі, генпракурор, старшыні Вярхоўнага і Вышэйшага гаспадарчага суда".
Таксама суд мог сам ініцыяваць разгляд па любой справе, якую палічыць неадпаведнай Канстытуцыі, дадае Міхаіл Пастухоў.
"Гэта права адмянілі адразу пасля роспуску першага складу Канстытуцыйнага суда, таму што ў поле зроку патрапілі ўказы прэзідэнта, можаце здагадацца, якія датычыліся найперш правоў чалавека".