Міжнародная федэрацыя хакея рызыкуе легітымізаваць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі
Заява прадстаўнікоў міжнароднай праваабарончай кампаніі “Не гуляйце з дыктатарам!”
Як нам стала вядома, Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) пацвердзіла на сваім агульным сходзе, які праходзіў у Стакгольме 16-19 траўня, што Рэспубліка Беларусь будзе прымаць чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе.
Мы, прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай кампаніі “Не гуляйце з дыктатарам!”, глыбока расчараваныя гэтым фактам. Дазваляючы Рэспубліцы Беларусь правядзенне чэмпіянату 2014 года, IIHF падтрымлівае і рызыкуе легітымізацыяй рэжыму, які з трывожнай тэндэнцыяй парушае правы беларускага народа.
Беларуссю кіруе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. У ягоных турмах ў цяперашні час утрымліваюцца прынамсі 11 палітычных зняволеных. Сярод іх кандыдат на Нобелеўскую прэмію міру і абаронца правоў чалавека Алесь Бяляцкі, а таксама прадстаўнікі палітычнай апазіцыі. У Беларусі выбары фальсіфікуюцца, свабодныя СМІ душацца, а моладзь зазнае ціск і пераслед за свае перакананні.
Дазвол, выдадзены IIHF на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі, прадаставіць Аляксандру Лукашэнку вялікія магчымасці, каб паказаць сябе і свой рэжым у станоўчым святле. На жаль, сваім рашэннем IIHF дапамагае беларускаму рэжыму ў выкарыстанні чэмпіянату ў палітычных мэтах, у супрацьлегласць яе уласнай, шматкроць заяўленай пазіцыі не дазволіць буйным спартыўным мерапрыемствам ператварыцца ў палітычны спектакль.
Libereco – Партнёрства за правы чалавека (Нямеччына)
Östgruppen – Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека (Швецыя)
Нарвежскі хельсінкскі камітэт (Нарвегія)
People in Need (Чэшская Рэспубліка)
Правы чалавека ў Беларусі (Нямеччына)
Грамадзянская Беларусь (Чэшская Рэспубліка)