viasna on patreon

Размеркаванне: што трэба ведаць студэнту?

2013 2013-04-10T16:15:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/razmerkavanne-vypusknikou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль існуе прымусовае працаўладкаванне маладых спецыялістаў. Праваабаронцы называюць размеркаванне парушэннем правоў чалавека, дзяржава – клопатам і сацыяльнымі гарантыямі для грамадзян. Хто ў дадзенай сітуацыі мае рацыю і якія існуюць абмежаванні для размеркавання выпускнікоў?

Заканадаўчае абгрунтаванне размеркавання

Паводле Канстытуцыі, грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з пакліканнем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбаў, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы (арт.41). Апроч таго, гарантуюцца даступнасць і бясплатнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Сярэдняя спецыяльная i вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах (арт. 49).

Разам з тым, Кодэкс Рэспублікі Беларусь Аб адукацыі замацоўвае паняцце размеркавання як працэдуру вызначэння месца працы выпускніка, якая ажыццяўляецца дзяржаўнай установай адукацыі або ў выпадках, устаноўленых Урадам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўным органам у мэтах сацыяльнай абароны выпускнікоў, задавальнення патрэб галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, рабочых, служачых (арт.83).

Па меркаванні юрыста і эксперта працоўнай групы еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю Алега Граблеўскага, размеркаванне па сутнасці з’яўляецца прымусовым працаўладкаваннем, супярэчыць нацыянальным і міжнародным нормам права. “У гэтым сэнсе цікавым з’яўляецца рашэнне Канстытуцыйнага суда за 2006 год, у якім адзначаецца, што мэта размеркавання – паляпшэнне кадравага забеспячэння, размеркаванне з’яўляецца вымушанай мерай з боку дзяржавы, што выклікана цяжкасцямі пераходнага перыяду”.

Дзяржава, у сваю чаргу, настойвае, што размеркаванне з’яўляецца мерай сацыяльнай падтрымкі выпускнікоў ВНУ, ССНУ. Заканадаўча замацаваныя пэўныя ільготы для маладых спецыялістаў: выплата “пад’ёмных”, забарона на ўсталяванне выпрабаваўчага тэрміну. Працадаўцы адзначаюць, што звольніць размеркаванага спецыяліста вельмі складана.

“Дзяржава хлусіць наконт так званых ільготаў, прычым хлусіць у самім тэрміне “малады спецыяліст”. Паводле замацаванай у заканадаўстве норме, статус малады спецыяліст маюць толькі выпускнікі дзённага аддзялення бюджэтнай формы навучання. Тыя, хто вучыўся завочна, а таксама тыя, хто самастойна аплачваў сваю вучобу, маладымі спецыялістамі не з’яўляюцца і ніякіх ільготаў не атрымліваюць”, - адзначыў Алег Граблеўскі.

У Еўрапейскім саюзе пытанне сацыяльных гарантыяў для маладых спецыялістаў вырашана інакш. У Вялікабрытаніі распрацавана спецыяльная праграма «Новы курс для маладых людзей». Яна ўключае ў сябе кансультацыі і рэкамендацыі па выбары роду дзейнасці з улікам індывідуальных асаблівасцяў і патрэбаў. У Швецыі праблема працаўладкавання і прафесійнай перападрыхтоўкі вырашаецца з улікам асаблівасцяў мясцовых рынкаў працы і кадравых запытаў бізнесу. У Германіі існуе адразу некалькі спосабаў барацьбы з беспрацоўнымі маладымі спецыялістамі. Адзін такіх спосаб ідзе ад гістарычнай традыцыі цэхавых карпарацый.
У Расіі і Казахстане на заканадаўчым узроўні плануюць замацаваць прадастаўленне квотаў для маладых спецыялістаў, а таксама штрафы для працадаўцаў, якія будуць парушаць закон.

Якім чынам адбываецца размеркаванне?

Размеркаванне маладых спецыялістаў адбываецца ў некалькі этапаў. Спачатку выпускнікі праходзяць праз так званае “папярэдняе размеркаванне”, дзе ўпершыню знаёмяцца са спісам вакансіяў, якія паступілі ва ўніверсітэт. Лічыцца, што найбольш паспяховыя студэнты маюць больш выбару, бо іх кандыдатуру камісія разглядае ў ліку першых. Але на практыцы часта выходзіць, што студэнты, якія вучыліся найгорш атрымліваюць так званы “свабодны дыплом”, бо пакуль чарга даходзіць да іх, прапановы ў спісе вакансіяў ужо сканчваюцца. Выпускнік мае права таксама самастойна знайсці працоўнае месца для размеркавання, прынесці заяўку ад працадаўцы. Усе дакументы разглядае адмысловая камісія, якая можа як ухваліць такую заяўку, так і адхіліць яе.

Сакратар камісіі вядзе пратакол паседжання. Абранае працоўнае месца заносіцца ў графу насупраць прозвішча выпускніка. Часам сакратар камісіі уносіць запісы простым алоўкам, а не ручкай. Падпісваючы такі пратакол, студэнт павінен разумець, што на месцы ранейшага запісу простым алоўкам ужо пасля падпісання можа з’явіцца зусім іншы запіс аб накіраванні на працу. Даказаць у такім выпадку, што вы пагаджаліся на іншае месца працаўладкавання, будзе вельмі складана.

Канчатковае рашэнне аб працаўладкаванні афармляецца на выніковым размеркаванні. Часам на гэтым паседжанні ў новы пратакол проста дублююць інфармацыю з папярэдняга размеркавання, калі выпускнік і камісія не змянілі рашэння. Аднак вынікі папярэдняга размеркавання не гарантуюць, што камісія не зменіць рашэнне і замест абяцанага працаўладкавання ў Мінску вас раптам не вырашаць накіраваць у Лепель.

Існуюць катэгорыі грамадзян, на якіх размеркаванне не распаўсюджваецца (п.2 арт. 83 Кодэкса Рэспублікі Беларусь Аб адукацыі), а менавіта:

1)    выпускнікі, уключаныя Міністэрствам спорту і турызму у склад нацыянальных, зборных каманд Рэспублікі Беларусь;

2)    выпускнікі прафесійна-тэхнічных вучэльняў і іх філіялаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі папраўчых устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС, рэспубліканскіх унітарных вытворчых прадпрыемстваў Дэпартамента выканання пакаранняў, лячэбна-працоўных прафілакторыяў;

3)    выпускнікі спецыяльных вучэбна-выхаваўчых устаноў і спецыяльных лячэбна-выхаваўчых устаноў.  

Таксама існуюць катэгорыі грамадзян, для іх размеркаванне адбываецца з пэўнымі выключэннямі (п.5 арт. 83 Кодэкса), а менавіта:

1)    дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў месца працы прадастаўляецца па месцы замацавання за імі жылых памяшканняў, або па месцы ўключэння іх у спісы якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, або па месцы першапачатковага набыцця статусу дзяцей-сірот або статусу дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, або з іх згоды ў іншым населеным пункце;

2)    дзяцям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідам I або II групы, праца прадастаўляецца з улiкам стану iх здароўя па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі) або з іх згоды ў адно з наяўных месцаў працы;

3)    асобам, якія маюць аднаго з бацькоў, або мужа (жонку) інваліда I ці II групы, або дзіця-інваліда, месца працы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці па месцы жыхарства гэтых бацькоў, мужа (жонкі), дзіця-інваліда;

4)    асобам, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні да працы па атрыманай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і прысвоенай кваліфікацыі, месца працы прадастаўляецца з улiкам стану iх здароўя;

5)    цяжарным жанчынам, маці (бацьку), якія маюць дзіцява ўзросце да 3 год на дату прыняцця рашэння аб размеркаванні, месца працы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці па іх месцы жыхарства;

6)    мужу (жонцы) асобы, выбранай на выбарную пасаду ў дзяржаўныя органы, альбо накіраванай на працу ў дыпламатычныя прадстаўнiцтвы або консульскiя ўстановы Рэспублiкi Беларусь, альбо з ліку ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (за выключэннем ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, курсантаў), супрацоўнікаў Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, мытных органаў, пракурорскiх работнiкаў, месца працы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці па месцы праходжання службы жонкі (мужа);

7)    мужу (жонцы), жонка (муж) якога працуе і стала пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, месца працы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці па месцы жыхарства і (або) працы жонкі (мужа);

8)    мужу і жонцы, якім месца працы шляхам размеркавання павінна быць прадастаўлена адначасова, месца працы прадастаўляецца па іх жаданні і пры наяўнасці магчымасці ў адным населеным пункце.

Канчатковае накіраванне на працу выпускнік атрымлівае пасля здачы дзяржаўных іспытаў, абароны дыплома. Звычайна гэта супадае з выдачай дыплома аб атрыманні вышэйшай адукацыі.

Наймальнік абавязаны накіраваць у навучальную ўстанову паведамленне пра тое, што супрацоўнік своечасова прыбыў на працу. Калі спецыяліст не з’явіўся, наймальнік таксама інфармуе пра гэта ўніверсітэт ці каледж. У такім выпадку выпускнік павінен будзе кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на ягонае навучанне. Парадак спагнання грашовай сумы замацаваны арт.88 Кодэкса. Там жа ўтрымліваецца пералік асобаў і выпадкі, пры якіх яны вызваляюцца ад абавязковай выплаты сродкаў, затрачаных на навучанне.

У 2012 годзе Канстытуцыйны суд прыняў рашэнне, паводле якога ад кампенсацыі бюджэтных сродкаў, затрачаных на навучанне, павінны быць вызваленыя таксама грамадзяне, якія замест праходжання размеркавання добраахвотна паступілі на вайсковую службу па кантракце.

Ужо падчас праходжання размеркавання малады спецыяліст можа звярнуцца ва ўніверсітэт з просьбай пераразмеркаваць яго (арт. 85 Кодэкса). Напрыклад, выпуснік ажаніўся і цяпер хоча працаваць па месцу жыхарства (або працы) сваёй жонкі. У такім выпадку ва ўніверсітэце ізноў склікаецца камісія, якая вырашае пытанне пераразмеркавання.

Ці можа быць адмененае размеркаванне?

З 2003 года наша краіна імкнецца далучыцца да Балонскага працэсу. Заяўку ад Беларусі павінны былі разгледзець міністры адукацыі краін-удзельніц Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі на саміце ў Бухарэсце 26-27 красавіка 2012 года. Аднак «беларускае пытанне» быў знятае з парадку дня да пачатку саміту і адкладзенае да 2015 года. Падставай для такога рашэння сталі рэкамендацыі, зробленыя працоўнай групай Балонскага працэсу ў студзені 2012 года.

Размеркаванне з’яўляецца адным са стрымліваючых фактараў далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Па меркаванні незалежных экспертаў, стаць паўнаварнасным удзельнікам працэсу, маючы прымусовае працаўладкаванне разам з іншымі праблемамі нашай сістэмы адукацыі, будзе надзвычай складана.

“У гісторыі далучэння да Балонскага працэсу былі выпадкі, калі прымалі краіны, што мелі размеркаванне. Самы яскравы прыклад – Казахстан. Аднак гэта краіна неўзабаве адмовілася ад прымусовага працаўладкавання выпускнікоў, - заўважае Алег Граблеўскі. – Я перакананы, што Беларусь таксама адмовіцца ад такой непапулярнай меры. Сёння, калі перад моладдзю адкрыты ўвесь свет, вельмі складана ўтрымліваць спецыялістаў такім спосабам. Сітуацыя, калі чалавек два гады адпрацаваў, а пасля на яго месца штогод ці праз год прыбываюць усё новыя і новыя людзі, насамрэч нявыгадная ні дзяржаве, ні працадаўцам, ні тым больш самім выпускнікам каледжаў ці ўніверсітэтаў”.

Аднак яскравых прыкладаў, якія б сведчылі пра наяўнасць палітычнай волі на адмену размеркавання ва ўладзе, пакуль няма. Хутчэй наадварот. Напрыклад, віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які адказны за пытанні адукацыі, неаднаразова адзначаў, што для выпускнікоў медыцынскіх ВНУ тэрмін размеркавання павінен быць працягнуты да 5 год (зараз – 3 гады), для выпускнікоў астатніх ВНУ – да 3 год (зараз – 2 гады). Апроч таго, па меркаванні віцэ-прэм’ера, размеркаванне павінна адбывацца за год да сканчэння ўніверсітэта, то бок на 4 курсе.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства