На атрыманне вызначэння Мінскага абласнога суда спатрэбілася паўгады
Салігорскі маладафронтавец Андрэй Тычына шэсць месяцаў дамагаўся атрымання вызначэння Мінскага абласнога суда на сваю скаргу па забароне масавага мерапрыемства ў выглядзе велапрабегу. Умяшальніцтва ў справу прадстаўнікоў цэнтральнага офісу Беларускага Хельсінскага камітэту паставіла кропку ў змаганні маладзёна з судовымі бюракратамі.
- Я ад самага пачатку не хаваў сваёй гатоўнасці дайсці да Камітэту ААН у спробе абараніць сваё права на свабоду мірных сходаў. Упэўнены, што гэта і стала асноўнай прычынай нежадання дзяржавы выдаваць мне вызначэнне Мінскага абласнога суда. Дзякую юрыстам БХК, праз іх дапамогу нарэшце ўдалося гэтае вызначэнне атрымаць, - кажа Андрэй Тычына.
Што да самога вызначэння, дык яно, як і паведамлялася маладзёну раней у вуснай форме, апынулася не на карысць маладафронтаўца. Суддзя Мінскага абласнога суда Святлана Далінчук пакінула рашэнне суда Салігорскага раёна аб забароне велапрабегу без зменаў, а касацыйную скаргу маладзёна не задаволіла. Паводле спадарыні Далінчук, “довады, прыведзеныя ў касацыйнай скарзе Андрэя Тычыны, не ўтрымліваюць падставаў для адмены рашэння суда Салігорскага раёна”.
Сам Аднрэй Тычына не бачыць сэнсу ў далейшым абскарджанні ў нацыянальных інстанцыях і ў бліжэйшы час зоймецца падрыхтоўкай адпаведнай скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. З-за сур’ёзнай затрымкі з атрыманнем судовага вызначэння ён будзе дамагацца не толькі прызнання парушэння яго права на свабоду мірных сходаў, але і права на справядлівае судовае разбіральніцтва.