Ідэолягі будуць кантраляваць друкаваную прадукцыю разам зь міліцыяй
Кіраўнік магілёўскай рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 12 сакавіка быў выкліканы ў Ленінскую ўправу ўнутраных справаў Магілёва, каб пацьвердзіць законнасьць арэнды офісу. Дакумэнтацыю на арэнду запатрабавалі міліцыянты, якія 7 сакавіка правялі ператрус і сканфіскавалі з офісу 600 асобнікаў газэты “Свабода” ды тысячу ўлётак да сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі.Пасьля гутаркі ў міліцыі Рыгор Кастусёў паведаміў Радыё Свабода:
“Сёньня мы былі ў Ленінскім упраўленьні ўнутраных справаў Магілёва і падалі дакумэнты, што наша арганізацыя зарэгістраваная. Але самае цікавае — гэта тыя падзеі, якія адбываліся ў мінулы чацьвер, калі група супрацоўнікаў міліцыі ўварвалася ў наш офіс. А яшчэ цікавей тое, што сярод супрацоўнікаў міліцыі быў прадстаўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму. Прозьвішча ягонае Халамаў Міхаіл Ціханавіч”.
Як удалося высьветліць у аблвыканкаме, згодна з новай рэдакцыяй Адміністрацыйнага кодэксу, пры ідэалягічных аддзелах ствараюцца структуры, якія будуць кантраляваць дзейнасьць друкаваных і электронных СМІ. Калі раней, як зазначылі ў аблвыканкаме, сродкі масавай інфармацыі на месцах кантралявала мясцовая міліцыя, то цяпер будуць прыцягвацца супрацоўнікі гэтых структураў.
Што да сканфіскаванай друкаванай прадукцыі, дык у аблвыканкаме заявілі, што ўся яна выйшла з парушэньнем заканадаўства. Так, на ўлёткі да 25 сакавіка, якія выдадзеныя за мяжой, не было мытнай дакумэнтацыі, а наклад газэты “Свабода” значна перавышаў 299 асобнікаў. Нагадаем: у мінулы чацьвер двое міліцыянтаў, Віктар Цароў ды Юры Радзькоў, а таксама супрацоўнік ідэалягічнай управы гарвыканкаму Міхаіл Халамаў уварваліся ў сядзібу рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ. Свае дзеяньні яны матывавалі тым, што ў горадзе зьявілася шмат друкаванай прадукцыі, якая выйшла з парушэньнем заканадаўства, і яна знаходзіцца ў офісе БНФ.