Людміла Рапапорт: “Смешна тады, калі смяюцца ўсе, а не толькі антысеміты”
У Баранавіцкай прыватнай пякарні “Dolce Vita” (плошча Леніна, дом 1) сталі прадаваць торт пад назвай “Бедны габрэй” і гэтая падзея выклікала ў горадзе, мякка кажучы, міжнацыянальныя пытанні. Прадавец крамы паведаміла, што такую назву прыдумалі самі супрацоўнікі пякарні. Тарты ў краме вагою 1,5 кг каштуюць каля 200 тыс. рублёў, а паколькі “габрэй бедны”, то яго можна набыць за 71 тыс.
Жыхарка горада Людміла Майсееўна Рапапорт кажа, што гэты жарт яна не знаходзіць вяселым і бяскрыўдным.
– Праблема, зразумела, не ў тым, што знайсці беднага габрэя цяжка. Тут пытанні паўстаюць, калі гэты торт прынеслі да гасцей і яго трэба прылюдна рэзаць. – Вось тут будзе квітнець антысемітызм і прымітыўныя “гумар” у адносінах да габрэйскага насельніцтва. Думаю, што кіраўніцтва гандлёвай крамы прыслухаецца да нашай думкі і здыме з продажу гэты тавар, – адзначыла Людміла Майсееўна.
Яна дадала, што смешна тады, калі смяюцца ўсе, а не толькі антысеміты.