Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”
Заява
Праваабарончага цэнтру “Вясна”
26 лістапада 2012 г., Мінск
Зняволенне кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага і канфіскацыя офісу не спыняць дзейнасць Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
24 лістапада – роўна год, як быў вынесены прысуд кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму, асуджанаму на 4,5 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці па абвінавачанні ва ўхіленні ад уплаты падаткаў, а па сутнасці -- за атрыманне фінансавых сродкаў для дзейнасці арганізацыі. Дадзены прысуд мы адназначна расцэньваем як расправу над вядомейшым беларускім праваабаронцам і спробу спыніць дзейнасць Праваабарончага цэнтру “Вясна”. У гэтым жа рэчышчы мы разглядаем канфіскацыю памяшкання, дзе на працягу апошніх 12 гадоў месціўся цэнтральны офіс нашай арганізацыі (г. Мінск, пр. Незалежнасці 78а-48).
За час існавання офісу Праваабарончага цэнтру “Вясна” яго наведалі тысячы грамадзян, якім аказвалася прававая дапамога, збіраліся сродкі для падтрымкі рэпрэсаваных, праводзіліся прэс-канферэнцыі, сустрэчы, трэнінгі і семінары. Мы заўсёды ажыццяўлялі сваю дзейнасць адкрыта, нягледзячы на адсутнасць рэгістрацыі арганізацыі з 2003 году і звязаную з гэтым пагрозу пераследу.
У сваёй дзейнасці Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўсёды кіраваўся міжнароднымі стандартамі ў галіне абароны правоў чалавека, палажэннямі Дэкларацыі “Аб праве і абавязку асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды” (Дэкларацыя аб праваабаронцах), зацверджанай Генеральнай Асамблеяй ААН, якая гранатуе права як самастойна, так і групе асобаў бараніць правы чалавека, а таксама знаходзіць рэсурсы для такой дзейнасці.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе:
Зняволенне праваабаронцы Алеся Бяляцкага і наяўнасць палітвязняў – індыкатар крытычна кепскай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.
Рэпрэсіі супраць кіраўніка і сяброў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, а таксама канфіскацыя маёмасці не спыняць нашу працу, мы не згорнем ніводнага з напрамкаў легітымнай дзейнасці арганізацыі па абароне правоў чалавека.
Усе ахвяры парушэнняў правоў чалавека па-ранейшаму могуць разлічваць на нашу дапамогу і падтрымку.
Мы працягнем адстойваць каштоўнасці правоў чалавека, змагацца за іх выкананне беларускімі ўладамі, інфармаваць беларускае грамадства і міжнародную супольнасць аб рэальным стане з правамі чалавека ў Беларусі.