Скарга з нагоды пастаноўкі на прафілактычны ўлік у КДБ не задаволена
Магілёўскі актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Алег Аксёнаў застаецца пад пільным вокам спецслужбаў.
У адказе, які ён атрымаў ад начальніка ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці Сергяенкі гаворыцца, што з Алегам Аксёнавым праведзена індывідуальная прафілактыка правапарушэння ў форме яго пастаноўкі на ўлік. Пры гэтым яму былі абвешчаны падставы і прававыя наступствы мераў індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў.
Акрамя таго ў адказе адзначаецца, што актывіст аргкамітэта партыі БХД быў азнаёмлены з матэрыяламі заведзенай на яго прафілактычнай справы, яму была прадастаўлена магчымасць рабіць выпіскі са справы, аднак Законам “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” не прадугледжана зняццё копій з дакументаў прафілактычнай справы.
Таксама ў лісце гаворыцца, што адсутнічаюць падставы для таго, каб прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка УКДБ па Магілёўскай вобласці, які праводзіў у дачыненні да Алега Аксёнава прафілактычныя мерапрыемствы.
Сам Алег Аксёнаў з пастаноўкай на прафілактычны ўлік у КДБ, якая адбылася 22 кастрычніка, не згодзен.
“Я так і не зразумеў прычыны пастаноўкі мяне на гэты ўлік. Мне толькі патлумачылі, што гэта звязана з дзейнасцю ад імя незарэгістраванай партыі, аднак у чым гэта дзейнасць праяўлялася, мне не патлумачылі. Натуральна, што наша партыя не зарэгістравана, аднак існуе аргкамітэт па яе стварэнні, што не забаронена законам”, - кажа Алег Аксёнаў.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ў КДБ скардзіліся таксама і з нагоды таго, што Алегу Аксёнаву не выдалі копію пастановы на прафілактычны ўлік у КДБ.
“Матэрыялы справы мы не прасілі, мы прасілі копію пастаноўкі на гэты ўлік. Тым болей, што Аксёнаў нідзе ні пад чым не падпісваўся. КДБ цалкам ухілілася ад пытанняў, якія былі агучаны ў нашай скарзе. Натуральна, што будзем пісаць скаргу ў пракуратуру і далей падаваць заяву ў суд”, - кажа праваабаронца.
Нагадаем, што ў Магілёве, акрамя Алега Аксёнава, на прафілактычным уліку ў КДБ знаходзяцца кіраўнік магілёўскай абласной партыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў і магілёўская кіраўніца аргкамітэта партыі БХД Таццяна Шамбалава. Дагэтуль у дачыненні да згаданых актывістаў з боку КДБ не было зафіксавана ніякіх прававых абмежаванняў. Актывісты лічаць, што пастаноўка на прафілактычны ўлік у КДБ з’ўляецца ні чым іншым як псіхалагічным ціскам.