У Салігорску здымаецца праваабарончы фільм
У межах супольнага праекту салігорскіх маладафронтацаў і чэскай праваабарончай арганізацыі “Чалавек у нядолі” на пачатку лістапада будзе прэзентаваны невялікі праваабарончы фільм “Лепшае магчыма”.
Аўтарам ідэі фільма з’яўляецца салігорскі праваабаронца Аляксей Валабуеў:
- Кантактуючы з людзьмі, часта даводзілася чуць, што ад простых людзей у гэтым свеце нічога не залежыць. Але гэта не так. Ёсць прыклады, якія пярэчаць такой песімістычнай жыццёвай пазіцыі. Праз гэткія канкрэтныя гісторыі поспеху і ўзнікла думка пра стварэнне фільма.
Аляксей падкінуў ідэю мясцовым маладафронтаўцам, якія і ўзяліся за яе рэалізацыю. Фільм разлічаны на інтэрнэт-аўдыторыю, а таму не будзе доўгім па працягласці. Літаральна за 7 хвілін маладзёны абяцаюць не толькі паказаць некалькі паспяховых гісторый аб барацьбе салігорцаў за свае правы, але паспрабуюць пераканаць гледача ў неабходнасці быць актыўным пры абароне асабістых ды грамадскіх інтарэсаў.