viasna on patreon

Праект турэцкага гатэля з казіно і начным клубам у цэнтры Мінска вынесены на грамадскае абмеркаванне

2012 2012-10-31T12:37:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hatel-na-valadarskaha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праект гатэля на вул.Валадарскага ў Мінску

Праект гатэля на вул.Валадарскага ў Мінску

Пра тое, што на скрыжаванні вуліц Валадарскага і Гарадскога Вала ў цэнтры Мінска турэцкі інвестар збіраецца пабудаваць 16-павярховы гатэль, паведамлялася ў чэрвені гэтага года.

Тады эскізы комплексу з’явіліся на сайце прадпрыемства «Творчая майстэрня — 7». Паводле інфармацыі «Онлайнера», на той момант меркаваны заказчык яшчэ вёў перамовы з Мінгарвыканкамам. Мяркуючы па ўсім, гарадскія ўлады пайшлі насустрач турэцкім бізнэсоўцам: з учорашняга дня ў Мінску пачалося грамадскае абмеркаванне гэтага неадназначнага праекта.

Гэтым разам абмеркаванне праходзіць у вельмі дзіўнай форме. Ні заказчык, якім выступае ЗТАА «Арас-інвест», ні архітэктары, ні чыноўнікі не толькі не пажадалі сустракацца з мясцовымі жыхарамі, але нават не суправадзілі эскізы тэкставай інфармацыяй. З размешчаных у холе адміністрацыі Маскоўскага раёна праектных матэрыялаў незразумела, якія спадарожныя аб’екты будзе ўключаць гатэль, колькі ствараецца машына-месцаў і г.д. 

Незразумела і тое, чаму гэтым разам не прадугледжаная урна для заўваг па праекце. 

Арганізатар грамадскага абмеркавання прапануе накіроўваць прапановы ў адміністрацыю Маскоўскага раёна па адрасе: Мінск, пр. Дзяржынскага, 10. Пры гэтым па пазначаным у абвестцы тэлефоне аддзела архітэктуры (200-57-60) з раніцы ніхто не адказвае. 

Застаецца толькі яшчэ раз прывесці інфармацыю, размешчаную раней на сайце «Творчай майстэрні — 7». Паведамлялася, што два падземныя паверхі комплексу адведзеныя пад гараж-стаянку на 78 машына-месцаў. На першым паверсе размесцяцца вестыбюль, кавярня-бар з летняй тэрасай і SPA-цэнтр. Другі паверх зойме казіно, на трэцім акрамя гатэльных нумароў размесціцца рэстаран. 4–14 паверхі аддадзеныя пад нумары, на 15-м запраектаваны шматфункцыянальныя залы, а на 16-м — начны клуб. 

У цяперашні час на месцы меркаванага гатэля гасцініцы размяшчаецца аўтастаянка МУС. 

Нагадаем, супраць будаўніцтва турэцкага гатэля ў цэнтры Мінска выступіла Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. «Ужо на дадзеным этапе праектавання парушаны артыкул 29 Закона „Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь“, які забараняе распрацоўку горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі без нанясення ўсталяваных зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, — пісаў у ліпені старшыня гэтага грамадскага аб’яднання Антон Астаповіч. — А тут і мяжа гістарычнага цэнтра, і будынкі на Валадарскага 1, якія маюць статус помнікаў, але не маюць усталяваных зон аховы».

«Грамадскае абмеркаванне — унікальная магчымасць пазбавіцца ад перспектыўнай забудовы, якая знішчае якасныя характарыстыкі помнікаў гісторыі і культуры, пазбаўляе горад апошніх зялёных куточкаў, заганяе простых гараджан з адносна зручных і камфортных умоў пражывання ў каменныя джунглі. Пазбавіцца ад аб’ектаў, якія нічога не дадаюць у скарбонку сталічнай архітэктуры, якія даюць пэўныя выгоды нядобрасумленным інвестарам, праекціроўшчыкам і чыноўнікам», — гаворыцца на сайце Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. — Так не заставайцеся ж у баку. Выкарыстайце гэтую магчымасць, каб не дапусціць чарговай пабудовы на самай мяжы нашага, ужо і так шматпакутнага, Гістарычнага цэнтра. Пабудовы, якая парушыць шматлікія нарматыўна-прававыя і тэхнічныя дакументы, якая не дадасць нічога станоўчага ў архітэктурны і горадабудаўнічы асяродак Мінска».

Заўвагі і прапановы па праекце да 22 лістапада можна накіроўваць у адміністрацыю Маскоўскага раёна Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства