Беларускім вязьням даюць камбікорм
Згодна з артыкулам 94 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь асуджаныя павінны атрымліваць харчаваньне, якое забясьпечвае нармальную жыцьцядзейнасьць арганізму.
Тым часам у лістах ды тэлефанаваньнях, якія час ад часу паступаюць
на «Свабоду», вязьні сыгналізуюць пра абуральную сытуацыю з турэмным
харчаваньнем, нярэдка кажучы, што гэта «катаваньне ежай».
У свой час крытыка няякаснай і непрыдатнай для чалавека турэмнай ежы,
а таксама іншых турэмных парадкаў, абярнулася для палітвязьня Міколы Аўтуховіча
пераводам з Івацэвіцкай калёніі ў больш жорсткія ўмовы Гарадзенскай
крытай турмы. У прыватнасьці, асуджаны напісаў нам летась, што рыба,
якой сталуюцца зьняволеныя, абсалютна непрыдатная для харчаваньня,
бо на скрынях зь ёй стаіць пазнака «для кароткатэрміновага выкарыстаньня
для пушных зьвяроў». Таксама аўтар пісаў пра няякасны і пратэрмінаваны
тавар, якім гандлявалі ў прадуктовым шапіку калёніі.
Сёньня чарговы сыгнал зь месца пазбаўленьня волі. Імя і назва калёніі
ёсьць у рэдакцыі, аднак мы наўмысна не называем, хто званіў і адкуль,
каб не падставіць чалавека.
Голас: «Гэтая этыкетка, якую я трымаю, зьнятая
зь мяшка, які трапіў у агульны прадуктовы кацёл сталоўкі нашай папраўчай
калёніі 17 верасьня 2012 году. Чытаю інфармацыю, зьмешчаную
на этыкетцы:
"225406, Рэспубліка Беларусь, Брэсцкая вобласьць, горад Баранавічы,
вуліца 50 гадоў БССР, 21 (гэта адрас адкрытага акцыянэрнага таварыства
"Баранавічхлебапрадукт", якое вырабляе муку і камбікармы. — Рэд.).
Камбікорм эканом-клясы ЭК-К для буйной рагатай жывёлы ва ўласным хляве.
Намінальная маса — 30 кг, нумар партыі — 013, тэрмін захоўваньня — два
месяцы. Склад: жыта, крэйда, соль, адкіды першай катэгорыі, вотруб’е
пшанічнае, ячмень, фасфат дэфтараваны, прэмікс (зьмяшаныя сухія
кампанэнты камбікорму для росту масы жывёлы. — Рэд.), ПКР (вітамінныя
сумесі для буйной рагатай жывёлы. — Рэд.), зернясумесь, шрот
сланечнікавы
Удакладню, галоўны асартымэнт адкрытага акцыянэрнага таварыства «Баранавічхлебапрадукт» — мука і камбікармы для хатняй жывёлы: кароў, сьвіней, сабак, катоў, птушак. На сайце прадпрыемства зьмешчаныя здымкі камбікармоў і іх рэкляма. У прыватнасьці, пра прадукт эканом-клясы ЭК-К, які, згодна са словамі зьняволенага, трапіў да іх у сталоўку, вытворцы пішуць: «Камбікорм-канцэнтрат эканом-клясы для буйной рагатай жывёлы ўяўляе сабой узбагачаную мінэральнымі і біялягічна актыўнымі рэчывамі сумесь», якая «скормліваецца ў выглядзе вільготнай мяшанкі ў спалучэньні з сакавітымі кармамі».
Самі зьняволеныя мяркуюць, што названую сумесь, хутчэй за ўсё, скормліваюць ім у супах ды кашах. Магчыма, ужываюць яе і пры выпечцы турэмнага хлебу, незразумела якога колеру ды смаку.
Праваабаронца з «Плятформы» Алёна Красоўская, мэдык паводле адукацыі, кажа, што сустракалася з рознымі скаргамі на якасьць турэмнага харчаваньня, аднак падобныя рэчы «па-за межамі ўсяго»:
Паводле праваабаронцы, “Пляфторма” не пакіне гэты факт без увагі і паставіць пытаньні ў адпаведных арганізацыях, якім чынам і паводле якіх нормаў харчаваньня гэты прадукт апынуўся на кухні папраўчай калёніі, у якой утрымліваюцца людзі, а не буйная рагатая жывёла.