viasna on patreon

Разгляд зыску УП "Марат" да Міністэрства інфармацыі аб адмене папярэджання газеце "БДГ. Для служебного пользования" перанесены на 8-га ліпеня.

2003 2003-07-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Такое рашэнне прыняў 1-га ліпеня суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Валеры Шобік, абавязаўшы зыскоўцаў да гэтага часу падрыхтаваць доказы праўдзівасці распаўсюджаных газетай звестак. Пра гэта паведаміла БАЖ намеснік генеральнага дырэктара УП "Марат" Любоў Вашкевіч.
Сваім зыскам УП "Марат" абскарджвае папярэджанне Міністэрства інфармацыі, вынесенае 21-га траўня за серыю публікацый пад агульнай назвай "Афганские борзые" і артыкул "Магический кристалл", апублікаваны ў № 3 (14) за сакавік г.г. Паводле папярэджання міністэрства, у іх "распаўсюджваюцца несапраўдныя звесткі, што супярэчыць арт. 32 і 40 Закона аб друку".
Інтарэсы УП "Марат" у судзе прэзентаваў юрыст Сяргей Пратасавіцкі; адказнікамі па справе выступалі галоўны юрысконсульт Міністэрства інфармацыі Аляксей Лухверчык і кіраўнік галоўнага прававога ўпраўлення Лілія Богдан. Пры абгрунтаванні сваёй пазіцыі ў судзе яны проста спасылаліся на "прадстаўленне" Пракуратуры РБ "Аб зліквідаванні парушэнняў заканадаўства аб друку і іншых СМІ", якое стала нагодай для вынясення папярэджання. Адказнікі лічаць, што Пракуратура з'яўляецца кампетэнтным органам, правяраць дзеянні якога яны не абавязаныя.
Згодна з арт.61 Гаспадарча-працэсуальнага Кодэкса РБ, у такіх спрэчках дзяржаўны орган павінен даказаць абгрунтаванасць свайго ненарматыўнага акту, які абскарджваецца. Аднак суддзя В. Шобік вырашыў адкласці слуханні, і 8-га ліпеня не Міністэрства інфармацыі будзе абгрунтоўваць свае прэтэнзіі да газеты, а якраз рэдакцыя "БДГ. Для служебного пользования" павінная будзе даказваць сваю невінаватасць.
Паводле «БАЖ»

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства