Дзярждэпартамент ЗША ўзнагародзіў Алеся Бяляцкага за дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека
Дзярждэпартамент ЗША ўзнагародзіў зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага за дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека. "Гэтая ўзнагарода адзначае асобаў і няўрадавыя арганізацыі, якія дэманструюць надзвычайную мужнасць і лідарскія якасці ў абароне правоў чалавека і дэмакратыі ва ўмовах рэпрэсій з боку ўрада", - паведамляецца ў заяве Дзярждэпартамента.
19 траўня
ЗАЯВА ПРЭС-САКРАТАРА ДЗЯРЖДЭПАРТАМЕНТА ЗША ВІКТОРЫІ НУЛАНД
Атрымальнікі Узнагароды за дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека
Дзяржаўны дэпартамент ЗША рад аб'явіць, што Алесь Бяляцкі з Беларусі і Кааліцыя грамадзянскай супольнасці па правах чалавека і канстытуцыйнаму праву з Уганды атрымалі Узнагароду за дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека 2011 г. Гэтая ўзнагарода адзначае асобаў і няўрадавыя арганізацыі, якія дэманструюць надзвычайную мужнасць і лідарскія якасці ў абароне правоў чалавека і дэмакратыі ва ўмовах рэпрэсій з боку ўрада.
Алесь Бяляцкі мужна бараніў правы пацярпелых ад пераследу людзей і іх сем'і, нягледзячы на пагрозу з боку ўрада Беларусі. Як заснавальнік “Вясны”, адной з буйнейшых праваабарончых арганізацый Беларусі, Бяляцкі прадстаўляў юрыдычную і практычную дапамогу ахвярам няспыннага пераследу і выступаў ключавой крыніцай інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека. Зараз ён з’яўляецца палітычным зняволеным, адбываючы турэмнае пакаранне ў чатыры з паловай гады за абарону правоў чалавека.
Кааліцыя грамадзянскай супольнасці па пытаннях правоў чалавека і канстытуцыйнага закона Уганды ўзнагароджана за эфектыўную абарону правоў прадстаўнікоў супольнасці лесбіянак, гееў, бісэксуалаў і транссэксуалаў (ЛГБТ), часта рызыкуючы ўласнай бяспекай. Кааліцыя, якая складаецца з 40 НДА Уганды, паспяхова бароніць правы прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці ў судах Уганды, распачала публічны дыялог па пытаннях праў ЛГБТ супольнасці ва Угандзе, а таксама кінула выклік шырока распаўсюджанаму скажонаму ўспрыманню і прадузятасці. Структура Кааліцыі, эфектыўнасць яе працы і ўзаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю Уганды служыць мадэллю для праваабаронцаў ва ўсім свеце.
Сёлета на ўзнагароду былі намінаваныя прадстаўнікі з усіх куткоў свету. Сярод арганізацый былі намінаваныя НДА Common World (Агульны свет) і Little Bird Mutual Assistance Hotline (Гарачая лінія ўзаемадапамогі “Маленькая Птушка”) з Кітая, а таксама Група ўзаемадапамогі і Цэнтр прававой дапамогі ў сферы правоў чалавека з Гватэмалы. Выбітная група асобаў прадстаўлена ў індывідуальнай намінацыі: Хорхе Молан з Калумбіі, Адзілур Рахман Зан з Бангладэш, Георг Фрыман з Сьера Леонэ, Гавінда Прасад Шарма Каірала з Непала, суддзя Высокага суда Свазілэнда Томас Масуку, Ігар Каляпін з Расіі, Зарганар з Бірмы і Зау Мін Хтут, абаронца правоў народа Рахінг’я, які зараз жыве ў Японіі.
Злучаныя Штаты салідарныя з гэтымі абаронцамі правоў чалавека і актывістамі грамадзянскай супольнасці, якія робяць сваю цяжкую працу кожны дзень у любой частцы свету, каб зрабіць рэальнасцю тое, што гарантавана Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека.