viasna on patreon

Аспірант Паўлоўскі падаў заяўву ў міліцыю на рэктара

2012 2012-05-10T16:01:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nastaunik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аспірант Інстытута фізіалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Паўлоўскі падаў заяву ў міліцыю Першамайскага раёна Мінска на рэктара Іосіфа Залуцкага.

Аляксей Паўлоўскі абвінавачвае рэктара ў тым, што той пагражае яго знішчыць маральна і фізічна за ягоныя публічныя выступы з крытыкай кіраўніцтва акадэміі. Малады навуковец просіць міліцыю прыцягнуць рэктара па ч.1 арт.197 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Пераслед грамадзян за крытыку”.

Пераслед Аляксея ў інстытуце пачаўся пасля таго, як ён напісаў скаргу на адрас Адміністрацыі прэзідэнта і Міністэрства адукацыі з нагоды таго, што яму і іншым іншагароднім аспірантам не выдаюць ложка-месцы ў інтэрнатах.

“Пасля гэтага сп. Залуцкі фактычна ўзяўся за маё маральнае знішчэнне. Ён таксама мне пагражаў фізічнай расправай, пры гэтым не цураючыся розных абразлівых выразаў. Гэта адбываецца перыядычна і мне ўжо парадкам надакучыла”, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі.

Акрамя таго малады навуковец сцвярджае, што ягоны рэктар рабіў пра яго хлуслівыя даносы на пасяджэннях Вучонай Рады, што прывяло да ягонага адлічэння з аспірантуры. Тым часам ложка-месца ў інтэрнаце яму так і не выдадзена дагэтуль.

“У Інстытуце, дзе я вучуся, стаіць пах фарбы, растваральніка, паўсюль лётае будаўнічы пыл і стаіць шум працуючага абсталявання – ідзе рамонт. Стварыць нармальныя ўмовы для вучобы маладым вучоным рэктар таксама не можа. У нас ва ўсіх баляць галовы, пыл рэжа вочы, зніжаецца нашая працаздольнасць і імунітэт. Некаторыя з-за гэтага хварэюць. Санстанцыя, куды я выслаў ліст з гэтай нагоды, прызнала парушэнні і выпісала рэктару адпаведнае прадпісанне”, – працягвае Аляксей.

“Акрамя таго сп.Залуцкі ігнаруе мае пісьмовыя і вусныя звароты. У матэрыялах маёй асабістай справы, з якой я знаёміўся пасля таго, як мяне незаконна выгналі з аспірантуры, мной было выяўлена, што колькасць старонак асабістай справы не супадае з колькасцю старонак ў завярыцельным аркушы асабістай справы. Адсутнічае болей за 30 аркушаў, што можа сведчыць аб падлозе альбо крадзяжы. Усе пералічаныя факты я выклаў у заяве”, - кажа аспірант.

Нагадаем, што змаганне аспіранта з Магілёва з адміністрацыяй Акадэміі навук за ложка-месца ў інтэрнаце прывяло да ягонага адлічэння з аспірантуры. Па рашэнню суда Аляксей Паўлоўскі быў адноўлены на вучобу, аднак ягонае супрацьстаянне з рэктарам працягваецца дагэтуль.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства