Разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі адновіцца 18 траўня
18 траўня адновіцца разгляд касацыйнай скаргі актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленкі ў Віцебскім абласным судзе. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Алена Каваленка.
10 красавіка судовая калегія Віцебскага абласнога суду адклала разгляд ягонай касацыйнай скаргі, прызначыўшы вязьню комплексную псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках.
Пра афіцыйныя вынікі гэтай экспэртызы жонцы Каваленкі невядома, але яна мяркуе, што «Сяргея прызналі псыхічна здаровым, інакш яго б не этапавалі з Навінак зноў у Віцебскі сьледчы ізалятар, дзе ён пачынаў галадоўку і дзе над ім рабілі правакацыі».
Сяргей Каваленка галадаваў зь перапынкам са сьнежня да канца сакавіка, пратэстуючы супроць прысуду ў 2 гады і месяц зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.