Мэдыкі ня будуць рэгулярна наведваць галадоўнікаў
Як паведамлялася раней, учора царкву «Новае жыцьцё» наведалі 10 мэдыкаў паліклінікі №2 Фрунзэнскага раёну. Праўнік царквы Сяргей Луканін паведаміў, што мэдыкі павялі сябе дзіўна: мэдагляд адбыўся толькі пасьля таго, як былі занатаваныя пашпартныя дадзеныя ўдзельнікаў галадоўкі. Па выніках агляду тром чалавекам было рэкамэндавана зьвярнуцца па дапамогу ў шпіталь. Была дасягнутая дамоўленасьць аб тым, што мэдыкі будуць наведваць пратэстуючых у інтэрвале ад 8-й па 20-ю гадзіну штодзень.
Як паведамляе «Наша Ніва», сёньня ў царкву наведаліся чатыры супрацоўнікі паліклінікі, якія паведамілі, што гэта апошні візыт дактароў да пратэстантаў. Прычына: мэдыкі ня бачаць важкіх прычынаў для штодзённага агляду галадоўшчыкаў. Больш чым дзіўная падстава, на думку спадара Луканіна, асабліва калі ўлічыць стан людзей, што галадаюць зь першага дня.
«Доктар сказаў, што адпаведнае рашэньне прынята наверсе», – зазначыў праўнік царквы. Ён лічыць, што палітыка ў гэтым выпадку ізноў пераважыла над павагай да асобы і здароўя чалавека. «Мы прапанавалі нават укласьці дамову аб аказаньні платных мэдычных паслугаў, улічваючы стан людзей, што галадаюць ня першы дзень, і тое, што выяўленае падазрэньне на вірусны гепатыт, аднак атрымалі адмову».
Варта адзначыць, што кіраўніцтву царквы стала вядома пра наступнае: пасьля візыту супрацоўнікаў 2-й паліклінікі на Кавалёва, 72, у Менгарвыканкаме быў скліканы камітэт па ахове здароўя. Магчыма, там і вырашылі пытаньне сталага нагляду за ўдзельнікамі акцыі пратэсту. Адзінае, што прапанавалі супрацоўнікі паліклінікі, дык гэта выклікаць у выпадку вострай неабходнасьці хуткую дапамогу.