viasna on patreon

У Беларусі пройдзе “Тыдзень супраць гамафобіі”

2012 2012-05-04T10:33:12+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tydzien-suprac-hamafobii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З 12 па 17 траўня праваабарончы праект “ГейБеларусь” арганізуе шэраг асветніцкіх мерапрыемстваў пад агульнай назвай “Тыдзень дзеянняў супраць гамафобіі ў Беларусі 2012”. Мерапрыемствы прымеркаваныя да Міжнароднага дня супрацьдзеяння гамафобіі і трансфобіі, які адзначаецца 17 траўня.

На думку арганізатараў Тыдня, “фармаванне лепшага грамадства можа быць дасягнута толькі праз ліквідацыю гендарных забабонаў і стэрэатыпаў, праз сістэматычную папулярызацыю разнастайнасці грамадства і цэласны падыход да правоў чалавека, што павінна выяўляцца ў пераглядзе вучэбнай літаратуры, школьных праграм і метадаў адукацыі”.

У межах Тыдня дзеянняў супраць гамафобіі на 12 траўня запланаваны круглы стол “ЛГБТ і адукацыя. Змена ролі сістэмы адукацыі ў фарміраванні ЛГБТ-фобіі і яе пераўтварэнне ў частку рашэння, а не ў частку праблемы”. Да ўдзелу запрошаны настаўнікі і псіхолагі навучальных устаноў.

Экспертамі круглага стала выступяць Святлана Бурава (кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры сацыялогіі БДУ, навуковы рэдактар і аўтар дзвюх калектыўных манаграфій па праблемах сям'і і моладзі, раздзелаў навучальных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ па метадалогіі і метадах сацыялагічных даследаванняў, энцыклапедычных выданняў "Маладая сям'я" і "Сучасная сэксолагія") і Таццяна Шчурко (магістр сацыялогіі па гендарных даследаваннях, квір-даследчыца, аўтар артыкула “Іншыя” сэксуальнасці ў беларускай школе”).

17 траўня адбудзецца прагляд італьянскай камедыі “Халастыя стрэлы”, прысвечанай праблеме непрыняцця бацькамі сваіх гомасэксуальных дзяцей.

Таксама актывісты праваабарончага праекта “ГейБеларусь” падалі ў Менскі гарадскі выканаўчы камітэт заяўкі на правядзенне 17 траўня двух пікетаў у розных частках горада. Мэта абодвух пікетаў - інфармаванне аб Міжнародным дні супрацьдзеяння гамафобіі і трансфобіі, які адзначаецца штогод 17 траўня ў сувязі з тым, што у гэты дзень у 1990 годзе гомасэксуальнасць была выключана з Міжнароднай класіфікацыі хваробаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Раздача інфармацыйных матэрыялаў адбудзецца не толькі ў Менску. Віцебскія, гомельскія, брэсцкія, маладзечанскія і лагойскія актывісты “ГейБеларусі” таксама возьмуць удзел у кампаніі.

Разгарнецца тыдзень дзеянняў супраць гамафобіі і ў сеціве, праваабарончы праект “ГейБеларусь” заклікае ЛГБТ і талерантную моладзь удзельнічаць у кампаніі аватарак, якія будуць дэманстраваць прыналежнасць або талерантнасць да ЛГБТ-меншасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства