Суд па справе супраць актывіста Саюзу палякаў аднавіўся
У Горадні аднавіўся суд па адміністрацыйнай справе супраць актывіста Саюзу палякаў, не прызнанага ўладамі.
Суд заслухаў сьведкаў з боку міліцыі і тых, хто сьведчыў на карысьць Мечыслава Яскевіча, якога абвінавачваюць у хуліганстве. Па інфармацыі Радыё Свабода судзьдзя Людміла Жук зрабіла перапынак да 16 гадзінаў. Адвакат Уладзімір Кісялевіч мяркуе, што пры канцы дня будзе зачытана рашэньне ў гэтай справе.
22 жніўня была прынятая пастанова Кастрычніцкага раённага суду Горадні аб тым, што спадар Яскевіч невінаваты, і справу адносна яго спынілі. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён нібыта перашкаджаў рабоце здымачнай групы абласнога тэлебачаньня, якая на гарадзенскіх вайсковых могілках фільмавала сюжэт пра ўскладаньне кветак да магілаў польскіх жаўнэраў.
Паводле пратэсту Кастрычніцкай раённай пракуратуры абласны суд адмяніў рашэньне адносна М.Яскевіча і накіраваў справу на новы разгляд.