Вячорка камэнтуе выказваньне Лукашэнкі пра беларускую мову
Лідэр Партыі БНФ В.Вячорка пракамэнтаваў заявы Лукашэнкі пра
беларускую мову, зробленыя на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх
журналістаў:
"Звычайна стараюся не камэнтаваць тых шматгадзінных спэктакляў. Але
гэтым разам зачапіла мяне дэмагогія пра нашую мову: "Няпраўда, што мы
не падтрымліваем беларускую мову, — мы яе падтрымліваем там, дзе гэта
патрэбна". Вось жа толькі адзін факт пра такую "падтрымку" (з дасье
Таварыства беларускае школы).
У апошнім навучальным годзе перад прыходам Лукашэнкі да ўлады --
1993/94 -- у першых (падрыхтоўчых) клясах школаў па-беларуску вучыліся
76% дзяцей, а ў сталіцы 58,6%. Праз два гады -- ужо 37,9% па краіне, а
ў Менску 19,5%. Сёлета толькі 21,4% першаклясьнікаў вучыцца
па-беларуску, а значыць, мы апусьціліся ніжэй за вызначаны UNESCO
бар'ер выжываньня мовы ў наступным пакаленьні. У Менску гэта -- няёмка
і казаць -- 2,4%.
Маўчу ўжо пра закрыцьцё Беларускага гуманітарнага ліцэю й соцень менш
вядомых беларускіх школаў. А заяву, нібыта многіх матэматычных
тэрмінаў па-беларуску няма й быць ня можа, я разглядаю як наўпроставую
абразу нашай мове й яе носьбітам".