Бабруйск: Канстанцін Локцеў будзе судзіцца з былым працадаўцам
Праблемы на працы ў Канстанціна Локцева пачаліся яшчэ пасля мінулагодняга Народнага схода, - ён быў старшынём аргкамітэта. За гэта грамадскі актывіст быў пакараны трыма суткамі адміністрацыйнага арышту.
А пасля візітаў на месца яго працы супрацоўнікаў КДБ, Канстанціна пачалі літаральна выжываць з летніка “Мечта”. Яго непасрэдны начальнік нават збіраў у калектыве подпісы за звальненне Локцева.
У лютым дэмактывісту паведамілі, што яго ўсё ж звольнілі, пры гэтым дакументы на звальненне, як аказалася, былі падпісаныя яшчэ 17 студзеня. Начальства Локцева называе прычынай звальнення прагул. Але Канстанцін адзначае, што па папярэдняй дамоўленасці з працадаўцам у яго ўвогуле быў вольны графік.
Бабруйчанін напісаў скаргу ў Міжраённую інспекцыю працы і падаў іск у суд, каб дамагчыся кампенсацыі і прыцягнуць да адказнасці працадаўцу.
На днях Канстанцін Локцеў атрымаў адказ з інспекцыі працы. Яе спецыялісты знайшлі шэраг парушэнняў, такіх, як адсутнасць загадаў пад роспіс аб звальненні, невыплата грошай у дзень звальнення. Актывісту параілі звярнуцца ў суд.
Першае пасяджэнне па пытанню незаконнага звальнення Канстаніцна Локцева прызначана на 2 красавіка ў судзе Бабруйска і раёна.