Дванаццаты: За мяжу не пусцілі Ухналёва
Сёння раніцай за мяжу Беларусі не пусцілі намесніка старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валерыя Ухналёва, паведамляе «Товарищ.online».
«Я ехаў у Вільню па справах, — распавядае Валерый Ухналёў. — На КПП „Каменны Лог“ памежнік, праверыўшы мой пашпарт, прапанаваў прайсці ў службовае памяшканне, дзе абвясцілі, што ўезд за мяжу мне забаронены».
Па словах палітыка, яму не патлумачылі прычыну адмовы: «Мы не даем даведак і не каментуем свае дзеянні», — сказалі мне. Памежнікі толькі парэкамендавалі звяртацца ў органы рэгістрацыі па месцы жыхарства».
Такім чынам колькасць нявыпушчаных за мяжу дасягнула тузіна. Раней у выездзе за мяжу было адмоўлена палітыкам і грамадскім дзеячам Сяргею Калякіну, Анатолю Лябедзьку, Віктару Карняенку, Андрэю Бандарэнку, Станіславу Шушкевічу, правааабаронцам Валянціну Стэфановічу, Гары Паганяйла. Алегу Гулаку, журналістам Андрэю Дынько, Міхасю Янчуку, кіраўнічцы БАЖ Жанне Літвіной.