viasna on patreon

Віцебскія ўлады ўспомнілі пра "грамадскае абмеркаванне"

2012 2012-03-14T13:41:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-algerd.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У гарвыканкаме вырашылі правесці апытанне, ці варта паставіць помнік віцебскаму князю Альгерду. Дзіўная паслядоўнасць: у 2010 годзе гарвыканкам ужо правёў конкурс на лепшы макет помніка і вызначыў пераможцу. У 2011 годзе ўжо быў усталяваны пастамент пад скульптурную выяву . Цяпер нарэшце вырашылі пацікавіцца грамадскай думкай.

 Галасаванне наконт помніка князю Альгерду праводзіцца на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму. А 13 сакавіка было праведзена "грамадзкае абмеркаванне" праблемы ў Духаўскім кругліку. На яго, паводле БЕЛТА, сабраліся "гісторыкі, археолагі, архітэктар, святары, чыноўнікі, журналісты, неабыякавыя гараджане". Праўда, адкуль там узяліся апошнія – таксама пытанне, бо на гэтую сустрэчу жыхароў Віцебску не запрасілі ні праз газеты, ні праз тэлебачанне…

Прысутныя на так званым грамадскім абмеркаванні выказваюць такую версію падзей: калі гарвыканкам у 2010 годзе выступіў з ідэяй устаноўкі помніка (прычым не аднаго, а адразу трох), то ніхто не думаў пра магчымыя праблемы. Потым здарылася так, што ідэю не зацвердзілі ў Мінску (помнікі ў абласных гарадах мусяць узгадняцца з Міністэрствам культуры і асабіста з Прэзідэнтам). Кажуць нават, што і скульптурная выява князя Альгерда ўжо гатовая, толькі чакае ўстаноўкі на пастамент, які стаіць пусты з мінулага лета на плошчы каля Ўваскрасенскай царквы…

Цяпер адбываецца "другая спроба" усталяваць помнік. І ўлады пачалі з таго, што мусілі зрабіць на самым пачатку – з вывучэння грамадскай думкі, каб потым гэтыя вынікі сталі галоўным аргументам на карысць устаноўкі помніка віцебскаму князю.

Жыхары Віцебску гэтую ідэю падтрымліваюць – яшчэ ў 2010 годзе многія казалі, што помнік грамадскаму дзеячу ВКЛ, падчас кіравання якога Віцебск дасягнуў росквіту, мусіць быць усталяваны абавязкова. А вось  асоба Аляксандра Неўскага, якога таксама прапанавалі ўшанаваць улады, выклікала вялікія спрэчкі. Так што калі паўстане пытанне пра грамадскае абмеркаванне гэтага помніка, вынік можа быць неадназначны.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства