viasna on patreon

Фундацыя Дамоў Правоў Чалавека праінфармавала ААН пра працяг парушэння правоў чалавека ў Беларусі (тэкст заявы)

2012 2012-03-06T11:37:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hrhn-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Фундацыя Дамоў правоў чалавека, якая мае адмысловы дарадчы статус пры Радзе па правах чалавека ААН, накіравала ў кампетэнтны міжнародны орган заяву, у якой паведамляе пра становішча з правамі чалавека ў нашай краіне ад часу прыняцця апошняй Рэзалюцыі па Беларусі на 17-ай сесіі Рады.    

Тэкст заявы:

Генеральная Асамблея ААН
A/HRC/19/NGO/86

23 лютага 2012

Рада па Правах Чалавека
Дзевятнаццатая сесія
Пункт 4 парадку дня
Становішчы з правамі чалавека, якія патрабуюць увагі з боку Рады

Пісьмовая заява, пададзеная Фундацыяй Дамоў Правоў Чалавека, недзяржаўнай арганізацыяй з адмысловым дарадчым статусам

Генеральны сакратар атрымаў наступную пісьмовую заяву, якая распаўсюджваецца ў
адпаведнасці з рэзалюцыяй 1996/31 Эканамічнай і Сацыяльнай Рады.

[13 лютага 2012]
 
Працяг парушэння правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь*

З часу прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня ўлады жорстка пераследавалі праваабаронцаў ды іхнія арганізацыі, юрыстаў, журналістаў і любых асоб, якія крытычна выказваліся аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі або выказвалі заклапочанасць ёй – такіх як студэнты або ўдзельнікі мірных сходаў.

21 лютага 2011 года Вярхоўны камісар па правах чалавека даў наступную ацэнку: "Таксама працягваецца пераслед і палітычны й адміністрацыйны ціск на праваабаронцаў і НДА, у тым ліку арышты, допыты, аблавы на офісах, канфіскацыя матэрыялаў і запалохванне з мэтай прадухіліць стасункі з міжнароднымі і міжурадавымі арганізацыямі. [...] Я ўжо падкрэсліваў раней для Урада Беларусі і мушу сказаць яшчэ раз: дзяржавы абавязаныя абараняць праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскую супольнасць ад пагроз, помсты або ціску, звязаных з законным ажыццяўленнем іхняй дзейнасці па абароне правоў чалавека".

Становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася з часу прыняцця рэзалюцыі Радай па правах чалавека на сваёй 17-ай сесіі (травень-чэрвень 2011 года).

Урад працягвае палітыку пераследу супраць праваабаронцаў ды іхніх арганізацый, юрыстаў, журналістаў і любых асоб, якія крытычна выказваюцца аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі або выказваюць заклапочанасць ёй – такіх як студэнты або ўдзельнікі мірных сходаў.

У лістападзе 2011 года Камітэт ААН супраць катаванняў выказаў сваю глыбокую занепакоенасць з нагоды шматлікіх і паслядоўных паведамленняў аб сур'ёзных актах запалохвання, ганенняў і пагроз на адрас праваабаронцаў і журналістаў, а таксама адсутнасць звестак аб якіх-небудзь расследаваннях адносна такіх паведамленняў.1

Права на свабоду мірных сходаў строга абмежаванае ў Рэспубліцы Беларусь.
Амаль немагчыма выражаць тое, у што вы верыце, на вуліцах. Арганізацыя дэманстрацыі часта азначае рызыку жорсткай расплаты й пакарання.

Хаця Рада па Правах Чалавека заклікала беларускія ўлады паважаць свабоду мірных сходаў і прывесці адпаведнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі
абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека, улады Беларусі прынялі яшчэ больш абмежавальныя меры ў гэтым кірунку.

На цяперашні час маўклівыя пратэсты і простае плясканне ў далоні на вуліцах караюцца законам. У адным толькі ліпні 2011 было затрымана каля 400 чалавек, якія апладзірпвалі ў знак пратэсту, што сведчыць аб працягу масавых затрыманняў у Беларусі.

Згодна з новым заканадаўствам, прынятым у лістападзе 2011 года, зладзіць дэманстрацыю ці проста сход без папярэдняй згоды ўладаў з'яўляецца крымінальным злачынствам. Як адзначалася ў прэс-рэлізе адмысловых дакладчыкаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 24 лістапада 2011 года, "распаўсюд звестак аб сходзе, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, без атрымання дазволу на яго, строга забаронены, як і грамадскія заклікі да сходу".
   
На справе, заявы на правядзенне мірных сходаў пастаянна адхіляюцца, у той час як арганізатары рызыкуюць быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці за правядзенне несанкцыянаваных сходаў і/або распаўсюд любых звестак аб іх.

Рэспубліка Беларусь таксама імкнецца да яшчэ большага абмежавання правоў на свабоду аб'яднанняў у законе; улады паступова павялічваюць адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

Апошнія папраўкі да Закона аб грамадскіх аб'яднаннях забараняюць НДА мець рахункі ў замежных банках. Акрамя таго, узгаданыя папраўкі ўводзяць крымінальную адказнасць за замежную дапамогу, уключаючы шматлікія працэсуальныя нормы і ўсё большую колькасць абмежаванняў, парушэнне якіх вядзе да крымінальнай адказнасці, а таксама закрыцця. Артыкул 369.2 Крымінальнага кодэкса абвяшчае: "[...] мітынгі, пратэсты, вулічныя маршы, дэманстрацыі, [...] правядзенне семінараў ды іншых формаў палітычнай і прапагандысцкай дзейнасці сярод насельніцтва, [...] караюцца штрафам або арыштам да 3 месяцаў, або турэмным зняволеннем да 2 гадоў".

Праваабарончым НДА ў Беларусі пастаянна адмаўляецца ў рэгістрацыі, якая з'яўляецца перадумовай адкрытай і законнай дзейнасці ў краіне. Пасля пазбаўлення рэгістрацыі ў 2003, "Вясна" была вымушаная працягваць сваю дзейнасць у падполлі. Такім чынам, арганізацыя не магла мець банкаўскі рахунак у Беларусі і была пазбаўленая права  на атрыманне афіцыйнага фінансавання сваёй дзейнасці ўнутры краіны. Камітэт ААН па правах чалавека пастанавіў, што ўлады былі абавязаны перарэгістраваць "Вясну" і далей прадухіляць парушэнні права на свабоду аб'яднанняў, гарантаванага ў адпаведнасці з Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю (гл. справу "Бяляцкі ды інш. проці Беларусі" ад 24 ліпеня 2007 года).2 Гэта не было выканана.

Адвольнае выкарыстанне нормаў рэгістрацыі шырока распаўсюджанае ў Беларусі. Зарэгістраваныя НДА баяцца страціць рэгістрацыю ў выніку адкрытых выказванняў.

Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК) быў афіцыйна папярэджаны аб магчымым пазбаўленні рэгістрацыі ў сувязі з ягоным паведамленнем, накіраваным спецыяльнаму дакладчыку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па незалежнасці юрыстаў і суддзяў 12 студзеня 2011. Міністэрства Юстыцыі вынесла папярэджанне з наступнымі заявамі: "Міністэрства юстыцыі лічыць, што звесткі, якімі Беларускі Хельсінкскі Камітэт падзяліўся з міжнароднымі арганізацыямі, прадузятыя адносна намаганняў дзяржаўных органаў і праваахоўных органаў па падтрымцы стабільнасці й бяспекі ў краіне і з'яўляюцца наўмыснай спробай сказіць сапраўднае становішча і зняславіць Рэспубліку Беларусь на міжнародным узроўні. "3 БХК быў папярэджаны зноў 6 чэрвеня 2011 г. за парушэнне падатковага заканадаўства. Нягледзячы на ​​тое, што БХК абскардзіў абодва папярэджанні, улады імкнуцца зачыніць арганізацыю.

У снежні 2011 года Беларускай рэспубліканскай ЛГБТ-арганізацыі было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе ўказання няправільнай даты нараджэння аднаго заснавальніка і скажэння імёнаў 2 з 61 заснавальнікаў арганізацыі, у выніку чаго ўрад лічыць несапраўднымі звесткі, пададзеныя для рэгістрацыі.

З нагоды змен, унесеных у Закон аб грамадскіх аб'яднаннях, спецыяльны дакладчык па правах на свабоду мірных сходаў і аб'яднанняў Майна Кіаі заявіла, што "гэтыя папраўкі могуць прадстаўляць сабой прамую знявагу ажыццяўленню асноўных грамадзянскіх і палітычных правоў, якія ляжаць у аснове любога дэмакратычнага грамадства, такіх як права на сходы і на свабоду аб'яднанняў".4

Адным з наступстваў такіх законаў і практыкі ўладаў ёсць пазбаўленне волі Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна", выбітнага й міжнародна вядомага праваабаронцы. У лістападзе 2011 года Бяляцкі быў прысуджаны да 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.5 Утрыманне пад вартай і пазбаўленне волі Алеся Бяляцкага зноў паказвае, наколькі сур'ёзная пагроза свабодам аб'яднання й самавыражэння ў Беларусі. Алесь Бяляцкі быў вымушаны праводзіць сваю законную праваабарончую дзейнасць у падполлі.

На цяперашні час імя Алеся Бяляцкага папаўняе і без таго доўгі спіс палітычных зняволеных у Рэспубліцы Беларусь, які ўключае праваабаронцаў і былых кандыдатаў у прэзідэнты; многія з іх былі арыштаваныя пры разгоне дэманстрацый пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010. У 2011 некаторыя палітычныя зняволеныя вызваляліся, часта толькі пасля падпісання прашэнняў аб памілаванні.

У лістападзе 2011 Камітэт ААН супраць Катаванняў разгледзеў сур'ёзныя паведамленні аб катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі й зняволенымі, а таксама неаказанні ім медыцынскай дапамогі. Паведамленні ўключаюць справы Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева, былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія былі арыштаваныя супрацоўнікамі ў цывільным з непрапарцыйным ужываннем сілы, падвергнутыя катаванням у следчым ізалятары людзьмі ў масках, пазбаўленыя правоў на неадкладны доступ да адваката, сувязь са сваімі сем'ямі і медыцынскую дапамогу, нягледзячы на ​​траўмы, атрыманыя пры арышце.

Дадатковай праблемнай вобласцю ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца адсутнасць незалежнай судовай сістэмы. Камітэт супраць катаванняў выказаў сваю глыбокую заклапочанасць з нагоды пастаянных і пераважных адмоваў уладаў у правядзенні  неадкладнага, бесстаронняга й поўнага расследавання сцвярджэнняў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні й прыцягненні да адказнасці меркаваных выканаўцаў.6

У 2011 годзе юрысты, якія актыўна ўдзельнічаюць у абароне правоў чалавека і праваабаронцаў, пазбаўляліся звання адваката, атрымлівалі пагрозы й пазбаўляліся доступу да сваіх кліентаў у Рэспубліцы Беларусь. Палітыка пераследу й ціску на адвакатаў мае негатыўнае ўздзеянне на іншых юрыстаў. Са снежня 2010, сем беларускіх юрыстаў, якія выступалі адвакатамі ў палітычна абумоўленых справах, былі пазбаўленыя звання адваката.

Мы заклікаем беларускія ўлады:

• неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў.

• адмяніць нядаўнія абмежавальныя папраўкі да заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія яшчэ больш абмяжоўваюць правы на свабоду мірных сходаў і аб'яднанняў, а таксама іншыя палажэнні заканадаўства, якія абмяжоўваюць правы грамадзян на свабоду аб'яднанняў і мірных сходаў;

• перарэгістраваць Праваабарончы цэнтр "Вясна" паводле ўказання Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і надалей дазваляць праваабарончым ды іншым грамадскім арганізацыям выконваць сваю працу, не асцерагаючыся помсты, а таксама адмяніць заканадаўства, якое ўводзіць крымінальную адказнасць за праваабарончую дзейнасць, уключаючы артыкул 193.1 Крымінальнага Кодэкса;

• забяспечыць бесперашкодную дзейнасць праваабаронцаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў і арганізацый і прымаць меры для абароны правоў грамадзян на свабоду аб'яднанняў і мірных сходаў;

• паважаць незалежнасць судовай улады і правесці дбайнае расследаванне і перагляд прысудаў у дачыненні да юрыстаў, пазбаўленых звання адваката з часу прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.

____________________________________________________
* Беларускі Дом Правоў Чалавека ў выгнанні – Вільнюс, НДА, без дарадчага статуса, таксама падзяляе меркаванні, выказаныя ў гэтай заяве.

1 Камітэт ААН супраць Катаванняў, Заключныя Заўвагі па Беларусі, 2011/12/07, § 25 (UN Doc.: CAT/C/BLR/CO/4).
2 Глядзіце: http://humanrightshouse.org/Articles/11201.html.
3 Глядзіце папярэджанне, змешчанае на старонцы міністэрства: http://www.minjust.by/ru/site_menu/news/?id=744.
4 Прэс-рэліз адмысловых дакладчыкаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, 2011/11/24 A/HRC/19/NGO/86
5 Глядзіце: http://humanrightshouse.org/Articles/17537.html
6 Камітэт ААН супраць Катаванняў, заключныя заўвагі па Беларусі, 2011/12/07, § 12 (UN Doc.: CAT/C/BLR/CO/4).

 

Рада па правах чалавека - міжнародны праваабарончы орган у сістэме ААН, які замяніў Камісію па правах чалавека. З'яўляецца дапаможным органам Генеральнай Асамблеі ААН. Першае паседжанне Рады прайшло 19 чэрвеня 2006 г. Рада па правах чалавека, як раней і Камісія, можа засноўваць і ануляваць так званыя спецыяльныя працэдуры - пасады дакладчыкаў, экспертаў або рабочых групаў па асобных праблемах правоў чалавека ці па правах чалавека на пэўнай тэрыторыі. У ліпені 2004 г. спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў прызначаны Адрыян Севярын. Беларускія ўлады адмовіліся з ім супрацоўнічаць.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства