viasna on patreon

Юля Гарачанкова: “Я рашылася прайсьці ўсе інстанцыі, каб потым не наракаць, што не змагла абараніцца ад беззаконьня”

2012 2012-02-08T14:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала.

Судовая зала.

Магіляўчанка Юлія Гарачанкова адзіная з тых нямногіх “шчасліўчыкаў”, якія змаглі, прайшоўшы праз некалькі судовых працэсаў, дамагчыся адмены несправядлівага прысуду.

Пасля “маўклівай акцыі” 6 ліпеня Юлю затрымалі каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску і ў судзе Першамайскага раёна асудзілі нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы на 5 сутак арышту. У той дзень двое ў цывільным гвалтам зацягнулі яе ў аўтамабіль, калі дзяўчына спрабавала выратаваць з іх рук незнаёмага падлетка.  

Яна абскардзіла прысуд у Менскім гарадскім судзе, які падтрымаў рашэньне суду Першамайскага раёна Менска. І толькі пасьля звароту ў Вярхоўны суд, адбыўся яшчэ адзін разгляд гэтай адміністратыўнай справы, пад час якога суддзя знайшла памылкі ў сведчаньнях міліцыянераў і цалкам апраўдала дзяўчыну.

Яе прыклад яшчэ раз засьведчыў, што нават пры сучасным стане беларускага правасуддзя толькі пасьлядоўная пазіцыя і воля йсці да канца могуць абараніць чалавека. І хаця большую частку падобных скаргаў асуджаных за акцыі маўклівага пратэсту Вярхоўны суд адхіліў, тым не меней, неабходна выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб абараніць сябе ад беззаконьня, –лічыць Гарачанкова.
Яна пагадзілася адказаць на некалькі пытаньняў і падзяліцца сваімі думкамі пасьля перажытай судовай эпапеі.

– Юля! Пасьля таго, як старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала 15 сьнежня адмяніў пастановы суда Першамайскага раёна Менска і Менгарсуда, 10 студзеня той жа суд Першамайскага раёна прыйшоў да высновы, што цябе асудзілі незаконна. Такое надараецца нечаста, як ты ўспрынялі гэтае рашэньне?

- Для мяне гэта было нечаканасьцю. Але калі я ўважліва перачытала пастанову Вярхоўнага суда, дык убачыла, што ў пратаколах было адзначана шмат недакладнасьцяў, напрыклад,  несупадзеньне датаў: у пратаколе аб затрыманьні стаіць 6 чэрвеня, хаця насамрэч падзеі мелі месца 6 ліпеня. У дакументах адзначаецца, што сведкамі былі два міліцыянты, а ў дакументах справы напісана, што гэтыя міліцыянты дапытвалі адзін аднаго! У гэтым студзені, падчас перагляду справы, адвакат звярнуў увагу суда на гэтае парушэньне. І суддзя, калі зачытвала выніковую пастанову, гэты факт улічыла.

­– Але як ты, звычайная дзяўчына, хацела дапамагчы маладому хлопцу, нават не задумваючыся аб тым, што можа здарыцца непасрэдна з табою?

– Сапраўды гэта так і было.  Я не адмаўляла гэтага на судзе. Ну, зразумела, я не прыйшла туды мэтанакіравана некага абараняць, але калі ўбачыла, што на маіх вачах адбываецца нешта, што адбывацца не павінна, не змагла стрываць.  Большасьць людзей стаяла наводдаль і па- сутнасьці, дапамагчы хлопцу, якога цягнуць невядомыя асобы ў цывільным, не было каму. Ніхто за яго не заступіўся. Відаць, спрацоўвае нейкі інстынкт, асабліва калі чалавек крычыць “Ратуйце! Выкрадаюць!”

– Гэты прыклад яшчэ раз падцвярджае праваабарончую выснову, што вельмі важна пры абскарджваньні несправядлівых прысудаў ісці да канца. Многія гэтага не робяць – спыняюцца на паўдарозе.  А табе ўдалося. Гэта можна патлумачыць настойлівасьцю?

– Я сапраўды не чакала, што будзе апраўдальнае рашэньне. Я нават пачала рыхтавацца да наступнага кроку: падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Увогуле, вялікую дапамогу ў абскарджваньні прысуду мне аказаў Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Дзякучы дапамозе ягоных супрацоўнікаў, я рашылася прайсьці ўсе інстанцыі, каб  потым не наракаць на сябе, што мяне прыніжаюць, а я не магу абараніцца,  што мае правы парушаюцца.

­– Чым табе запомніліся тыя 5 сутак, якія давялося правесьці ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна?

– Шчыра казаць, было цяжка. Як маральна, так і фізічна. Самыя звычайныя побытавыя рэчы,  да якіх прызвычаіўся, там становяцца недаступнымі.  Напрыклад, некалькі першых сутак  у нас не было нават сурвэтак.  А яшчэ у камерах нізкая якасьць вады, яе нават піць немагчыма, жахлівая антысанітарыя,  брудныя матрасы. Дарэчы, добра што яны былі хаця б такія. Многія распавядаюць, што і матрацаў не бачылі. Людзей у камеры таксама было болей чым трэба –  на 5 ложкаў восем чалавек. Нехта спаў на лаве ўвогуле без нічога.  А яшчэ духата, нягледзячы на разбітыя шыбы. Цікава, што пасьля арышту многія знаёмыя дзівіліся і запытвалі, як ты ўсё гэта змагла вынесьці. А некаторыя, наадварот”, пакідаюць на сайтах супрацьлеглыя каменты: “Падумаеш, 5 сутак усяго!”.

У бліжэйшы час Юля Гарачанкова разам з адвакатам будзе праз суд дамагацца кампенсацыі маральнай шкоды, як гэта прадугледжана Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусі. Згодна заканадаўству, падставай для кампенсацыі маральнай шкоды з’яўляецца ў тым ліку і “ шкода, якая была нанесеная грамадзяніну ў выніку незаконнага накладаньня адміністратыўнага спагнаньня ў выглядзе арышту”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства