Магіляўчанка дамаглася ў Вярхоўным судзе адмены пастановы пра арышт за ліпеньскую “маўклівую” акцыю
Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адмяніў пастанову суда Першамайскага раёна Менска, падтрыманую Менскім гарадскім судом, паводле якой 27-гадовая жыхарка Магілёва Юлія Гарачанкова ў ліпені адбывала адміністратыўны арышт тэрмінам у 5 сутак за “нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы”.
Паводле пастановы Першамайскага райсуда, Юлія Гарачанкова была прызнаная вінаватай па арт. 17.1 КаАП - у тым, што “6 ліпеня 2011 года каля 19:30, знаходзячыся ў грамадскім месцы – на праспекце Незалежнасці, 116 у г.Менску, нецэнзурна лаялася, на заўвагі не рэагавала, чым парушыла грамадскі парадак і праявіла яўную непавагу да грамадства”.
Юлія адмаўляла сваю віну ў здзяйсненні гэтага правапарушэння і тлумачыла ў судовым паседжанні, што, 6 ліпеня, падыходзячы да Нацыянальнай бібліятэкі, убачыла, як двое ў цывільным вялі маладога чалавека супраць яго волі, і паспрабавала заступіцца за яго. За гэта і была затрыманая.
Тым часам сведка Слабко даў на судзе іншыя тлумачэнні, у якіх указаў, на затрыманне Юліі Гарачанковай за тое, што яна нецэнзурна лаялася і адмаўлялася пакінуць плошчу.
Суд у сваю чаргу расцаніў непрызнанне віны з боку дзяўчыны як “жаданне пазбегнуць адказнасці” і падмацаваў сваё рашэнне пратаколамі апытання сведкаў Слабко і Гушчы, рапартам супрацоўніка міліцыі, пратаколам затрымання, складзены супрацоўнікам міліцыі Лазаравым, і іншымі пісьмовымі матэрыяламі справы.
“Нягледзячы на такія тлумачэнні з боку Гарачанковай Ю.А. і Слабко А.В., судом не былі прынятыя меры для высвятлення прычыны супярэчнасцяў”, - адзначае ў сваёй пастанове Валянцін Сукала. Старшыня Вярхоўнага суда таксама прыводзіць іншыя звесткі, што сведчаць пра непаўнату і аднабаковасць даследвання судом Першамайскага раёна акалічнасцяў справы. Напрыклад, ён указвае, што суд пакінуў без увагі наступны факт: у матэрыялах справы пратакол, складзены Лазаравым, датаваны 6-ым чэрвеня, хаця Гарачанкова абвінавачвалася ў правапарушэнні, здзейсненым 6-га ліпеня. Таксама, паводле матэрыялаў справы, у Першамайскі райсудзе быў агучаны пратакол апытання сведкі Гушчы са спасылкай на яго тлумачэнні ў судовай пастанове. “Аднак рашэнне суда пра агалошванне гэтага дакумента ў пратаколе судовага паседжання не зафіксавана, - піша В.Сукала. – У пратаколе пра адміністратыўнае правапарушэнне таксама не адлюстравана, кім і калі прымалася рашэнне пра пра накіраванне матэрыяла пра адміністратыўнае правапарушэнне ў суд, адсутнічае і суправаджальны ліст пра яго накіраванне ў суд на разгляд”.
Зыходзячы з гэтых фактаў, старшыня Вярхоўнага суда прызнае, што па справе “не забяспечана ўсебаковае, поўнае і аб’ектыўнае даследванне ўсіх акалічнасцяў справы, звязаных з абвінавачаннем Гарачанковай Ю.А. у здзяйсненні адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 17.1 КаАП”, і што “непаўната разгляду справы ў судзе не атрымала адпаведнага рэагавання і падчас разгляду яе скаргі пра невінаватасць у Менскім гарадскім судзе”.
Адмяніўшы пастанову суда Першамайскага раёна Менска ад 7 ліпеня, пастанову Менскага гарадскога суда ад 22 ліпеня, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала накіраваў адміністратыўную справу Юліі Гарачанковай на новы разгляд да іншага суддзі.
Як адзначае юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч, які дапамагаў Юліі Гарачанковай рыхтаваць скаргу ў Вярхоўны суд, гэты выпадак можна назваць выключэннем. Бо болшасць са скаргаў адміністратыўна асуджаных за акцыі маўклівага пратэсту Вярхоўны суд адхіліў. Па інфармацыі праваабаронцаў, да вышэйшай судовай інстанцыі даведзены толькі каля дзесяці такіх скаргаў. У большасці выпадкаў працэс абскарджвання спыняецца на этапе Менгарсуда, паколькі грамадзяне не вераць у правасуддзе і лічаць, што пісаць скаргі далей не мае сэнсу.