Салігорцы зноў адстаялі лес
Змаганне актывістаў салігорскай экалагічнай кампаніі “Абаронім лес” за сваё права на здаровы навакольны асяродак цягнецца ўжо больш за год. Пасля высечкі першых зялёных пляцовак у горадзе ў лістападзе 2010 году мясцовыя ўлады не пакідаюць спробаў пусціць салігорскі лес пад сякеру. Абаронцам лесапарку пакуль удаецца стрымліваць націск чыноўнікаў.
Апошнюю спробу па высечцы лесу кіраўнік мясцовай вэртыкалі Аляксандр Рымашэўскі зрабіў у кастрычніку гэтага году. На месцы высечанага лесу мусілі паўстаць футбольныя палі для трэніровачнай базы футбольнага клубу “Шахцёр”. Па загадзе Рымашэўскага ЖКГ “Комплекс” пачало тэхналагічную і сметную падрыхтоўку вынішчэння лесапарку. Пляцоўкі, вызначаныя пад знішчэнне, былі адмежаваныя адмысловай сігнальнай лентай.
Актывісты кампаніі “Абаронім лес” адразу пачалі біць у набат. Пачаліся звароты ў інспекцыю прыродных рэсурсаў, публікацыі ў мясцовых і нацыянальных СМІ, на гарызонце замаячыла ідэя правядзення гарадскога рэфэрэндуму па лясным пытанні. У рэшце ўладам прыйшлося даць задні ход. Падрыхтоўчыя працы спынілі, сігнальную ленту вакол пляцоўкі пад вырубку прыбралі.
Салігорцы зноў адстаялі лес, аднак гарантый ад далейшых пасягальніцтваў чыноўнікаў на здаровы навакольны асяродак жыхары сталіцы шахцёраў пакуль не маюць.