Нобелеўская прэмія міру - трыумф сумлення
У Стакгольме і Осла сёння адбудзецца 110-е па ліку ўручэнне Нобелеўскіх прэмій і святочны банкет для лаўрэатаў і гасцей. Гэтая цырымонія традыцыйна праходзіць у дзень памяці Альфрэда Нобеля, які пайшоў з жыцця 10 снежня 1896 г. Прэмія міру, паводле завяшчання Нобеля, будзе ўручаная ў Осла.
Сёлета Прэмію міру падзялілі паміж сабой тры жанчыны - прэзідэнт Ліберыі Элен Джонсан-Серліф, ліберыйская праваабаронца Лэйма Гбові і актывістка з Йемена Таваккул Карман - «за іх негвалтоўную барацьбу за права жанчын удзельнічаць у міратворчым працэсе па ўсім свеце».
Адносна лёсаў нобелеўскіх лаўрэатаў рэсурс Analytic-info.net слушна адзначае,
што лаўрэаты Прэміі міру, мабыць, сутыкаліся з неразуменнем у сваіх краінах
часцей за іншых. І калі на сучасным этапе стаўленне нават таталітарных краінаў
да сусветнага прызнання дасягненняў нацыянальных навукоўцаў стала пазітыўным,
альбо нейтральным, то Прэмія міру ў некаторых дзяржавах з'яўляецца яшчэ вялікім
раздражняльнікам.
Далей у публікацыі «Трыумф сумлення» распавядаецца пра жыццёвую драму некаторых
лаўрэатаў Прэміі міру розных гадоў.
Карл фон Асецкі перажыў занадта шмат
драматычных эпізодаў у сваім жыцці з-за прафесійнай дзейнасці. Лаўрэатам
Нобелеўскай прэміі міру ён стаў у 1935 годзе, але афіцыйная працэдура
прысуджэння (без яго самога) адбылася на год пазней. Дасягнуў ён гэтага
дзякуючы сваёй радыкальнай пацыфісцкі і антыфашысцкай пазіцыі. Пасля ганенняў
на дэмакратаў ў 1933 годзе Асецкі
адмовіўся пакінуць краіну. На раніцу пасля пажару Рэйхстага ён быў арыштаваны
сакрэтнай паліцыяй і змешчаны спачатку ў Берлінскую турму, затым - у канцэнтрацыйныя лагеры Зоненбург
і Эстэрвеген-Папенбург. Цяжкая фізічная праца і ўмовы ўтрымання асуджаных
падарвалі яго здароўе. Гэтая прэмія з'явілася выказваннем сусветнага асуджэння
палітыкі нацыстаў. Нямецкай прэсе забаранілі каментаваць узнагароджанне.
Германія запатрабавала ад Нарвегіі адмяніць гэтае рашэнне, але тая адмовілася,
спаслаўшыся на няўрадавы статус Нобелеўскага камітэта. У 1940, калі фашысты
захапілі Нарвегію, яны ў адплату рэпрэсавалі ўсіх, хто прымаў рашэнне пра ўзнагароджанне.
На здымку: Зняволены канцлагера Карл фон Асецкі
Далей быў Альберт Джон Лутулі, які заклікаў
да эфектыўных акцый пратэсту супраць паўднёваафрыканскага апартэіду; Марцін Лютэр Кінг - змагар за правы
чарнаскурага насельніцтва ЗША; вядомы праваабаронца Андрэй Дзмітрыевіч Сахараў, якога савецкая сістэма давяла да
магілы; апальна паляк Лех Валенса,
якога Ярузельскі цэлы год трымаў за кратамі; вораг Кітайскай Народнай
Рэспублікі - Далай Лама... Спіс
можна працягваць вельмі доўга.
З сумна вядомых ганенняў на нобелеўскіх лаўрэатаў Прэміі міру нядаўніх гадоў
трэба згадаць пра прыгнёт палітычнай дзеячкі таталітарнай Бірмы - Аун Сан Су Чжы і пра рэпрэсіі ў
адносінах да іранскай праваабаронцы Шырын
Эбадзі.
Аун Сан Су Чжы дачка лідэра руху за
незалежнасць Аун Сана, забітага ў 1947 годзе. Дзяўчына пакінула сваю радзіму ў
1960 годзе. Пасля заканчэння Оксфардскага універсітэта Су Чжы жыла ў
Вялікабрытаніі. А ўжо ў 1988 годзе вярнулася назад Бірму. У верасні 1988 года
стала адным з лідэраў апазіцыйнай Нацыянальнай лігі за дэмакратыю. На выбарах у
маі 1990 года НЛД атрымала больш за 80% месцаў у парламенце краіны, аднак
кіруючы рэжым ігнараваў вынікі выбараў. У кастрычніку 1991 года Аун Сан Су Чжы
стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, аднак улады не дазволілі ёй выехаць за
мяжу, каб атрымаць узнагароду. З 1989 па 1995 і з 2000 па 2002 знаходзілася пад
хатнім арыштам. У траўні 2003 года зноў была арыштаваная, пазней змешчаная пад
хатні арышт.
Вестка пра прысуджэнне Шырын Эбадзі
Нобелеўскай прэміі міру (2003) выклікала ў Іране неадназначную рэакцыю. З
аднаго боку, іранскае грамадства выказвала шырокую падтрымку гэтага рашэння. У
той жа час дэспатычны прэзідэнт Ірана Хатамі выступіў з заявай аб тым, што Нобелеўская
прэмія міру - шмат у чым інструмент палітычнага ціску на тыя ці іншыя краіны. Нягледзячы
на тое, што Эбадзі праявіла сябе як сапраўдная мусульманка у асабістым і
грамадскім жыцці - у лістападзе 2009 года ў праваабаронцы іранскімі ўладамі
былі канфіскаваныя медаль і дыплом Нобелеўскай прэміі, а таксама была
заведзеная крымінальная справа.
Акрамя прыведзеных прыкладаў, гісторыя ўручэння Прэміі міру зведала яшчэ адзін выпадак, які выклікаў міжнародны скандал.
У 2010 годзе - упершыню з 1936
года! - Нобелеўскі камітэт не знайшоў спосабу перадаць лаўрэату прэміі яго
ўзнагароду. Справа ў тым, што афіцыйны Пекін выказаў крайнюю незадаволенасць
прысуджэннем прэміі дысідэнту Лю Сяабо.
Міністэрства замежных спраў КНР расцаніла гэта як умяшанне замежных
урадаў у яго палітычны лад. Сам кітайскі праваабаронца падчас ўручэння прэміі
знаходзіўся ў зняволенні ў адной з турмаў Кітая, яго жонка - пад хатнім
арыштам.
Адзін з апошніх здымкаў Лю Сяабо на волі ў 2008 годзе
Лю Сяабо пачаў актыўную праваабарончую дзейнасць яшчэ ў 1980-х гадах. Ён упершыню трапіў у турму за ўдзел у пратэстах у 1989 г. і правёў тры гады ў працоўных лагерах. Ізноў дысідэнт быў заключаны пад варту ў снежні 2008г., пасля таго як падпісаў так званую "Хартыю 08" - маніфест кітайскай інтэлігенцыі ў падтрымку ўсеагульных правоў чалавека. З заклікам вызваліць з-за кратаў нобелеўскага лаўрэата да кітайскіх уладаў звярнуліся шэраг іншых знакамітых лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, у тым ліку Далай-Лама і прэзідэнт ЗША Барак Абама.
Сёлета грамадзянская супольнасць Беларусі вылучыла на Нобелеўскую прэмію міру за заслугі ў справе абароны правоў чалавека 2012 года старшыню праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага па палітычных матывах да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Пра стварэнне Міжнароднага арганізацыйнага камітэта па вылучэнні было абвешчана яшчэ да суду, у кастрычніку. У склад камітэта ўваходзяць выбітныя палітыкі і праваабаронцы з многіх краінаў свету. Нагадаем, што Алесь Бяляцкі ўжо двойчы вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міра: у 2006 і 2007 гадах.