viasna on patreon

Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый асудзілі прысуд Алесю Бяляцкаму

2011 2011-11-25T08:45:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/press-2011-11-24.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэсавая канферэнцыя з удзелам прастаўнікоў шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацый адбылася 24 лістапада з нагоды крымінальнага прысуду віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму.

“Гэты прысуд выклікае наймацнейшы гнеў і абурэньне. Гэта, безумоўна, палітычная помста і расправа з мэтай прымусіць замаўчаць усе крытычныя галасы ў Беларусі”, — адзначыла ў сваім выступе пад час прэс-канферэнцыі кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Саша Кулаева.

Па словах праваабаронцы, нягледзячы на вонкавую “адкрытасьць” працэсу, шэраг міжнародных назіральнікаў не змаглі атрымаць візы ў Беларусь — у тым ліку і кіраўніцтва FIDH. Такі адмову атрымала і прэзідэнт FIDH Сухайр Белхасен.
Прадстаўнікі арганізацыі абураныя, што многія з выкарыстаных судом дакументаў былі здабытыя незаконным шляхам — у прыватнасьці, канфідэнцыйная асабістая і дзелавая перапіска супрацоўнікаў FIDH з прадстаўнікамі закрытага ўладамі ПЦ “Вясна”.

Паводле прадстаўніцы Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, у пятніцу, 25 лістапада ва ўсіх гарадах свету, дзе ёсць філіі FIDH, пройдуць акцыі пратэсту — у паршую чаргу ў Парыжы, дзе месьціцца  штаб-кватэра арганізацыі. Самая масавая дэманстрацыя чакаецца ў Парыжы, куды плануюць прыехаць лідэры арганізацый, якія ўваходзяць у FIDH. "Гэтая акцыя падтрымана ўсімі членскія арганізацыі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека ад Буэнас-Айрэса да Бішкеку", - паведаміла Кулаева.

Па словах Кулаевай, менавіта становішча праваабаронцаў з'яўляецца барометрам сітуацыі з правамі чалавека ў той ці іншай краіне: калі іх становішча пагаршаецца - значыць, з правамі чалавека не ўсё ў парадку.


Старшыня праўленьня Праваабарончага цэнтру "Мемарыял" Алег Арлоў заявіў на прэс-канферэнцыі, што абвінавачваньне Алесю Бяляцкаму неправасуднае, а выкарыстаная судом доказная база “рассыпалася”.  Ён звярнуў увагу на тое, што нарматыўная база, якая маецца ў Беларусі, стварае ўмовы, у якіх немагчымая праца незалежных праваабарончых арганізацый. Праваабаронца адзначыў, што з гэтага абвінавачванні бачныя "вушы КДБ". Дакументы з КДБ, якія і ініцыявалі справу супраць Бяляцкага, не ўтрымлівалі абвінавачванняў супраць Алеся Бяляцкага, а ўтрымлівалі звесткі супраць «неправамернай дзейнасці праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Алег Арлоў лічыць, што абвінавачванне грунтавалася толькі на нейкіх “паперках”, якія не ўтрымлівалі рэквізітаў, подпісаў службовых асоб і да таго падобных рэчаў, то толькі нейкія лічбы, подпісы. У справе быў змешчаны ананімны ліст, перададзены з КДБ, які ўтрымліваў вялікую колькасць копій дакументаў, якія не вывучаліся следствам, а былі прадстаўленыя толькі на судзе.

"Гэта, безумоўна, ганебны працэс, ганебны прысуд, які мае палітычны характар. Усе спробы ўладаў, якія ажыццяўляліся для таго, каб схаваць палітычны характар ​​гэтага працэсу пад нібыта эканамічнымі абвінавачваннямі, праваліліся", - адзначыў Алег Арлоў.
 
Юлія Гарбунова, даследчыца  міжнароднай арганізацыі "Human Rights Watch", заявіла, што разглядае працэс над Алесем Бяляцкім і вынесены яму прысуд як вынік некай “прававой пасткі”. Яна адзначыла, што HRW назірала за працэсам Бяляцкага з самага пачатку. “І гэтак жа, як і нашы калегі, мы прыйшлі да высновы, што працэс над Бяляцкім насіў палітычны характар, і, больш таго, лічым, што само судовае паседжаньне было замовай. У нас склалася ўражаньне, што вінаватасць Бяляцкага была прадвызначана задоўга да заканчэння працэсу”, - паведаміла праваабаронца.

“Па нашым меркаванні, на працягу доўгага часу ўлады Беларусі стваралі ўмовы для таго, каб выштурхнуць праваабаронцаў за межы прававога поля а затым выкарыстаць дзеючае заканадаўства і прыцягнуць іх да адміністратыўнай або крымінальнай адказнасьці… Заклікаем улады Беларусі тэрмінова вызваліць Алеся Бяляцкага, зняўшы з яго ўсе абвінавачаньні, спыніць пераслед намесніка кіраўніка ПЦ „Вясна“ Валянціна Стэфановіча і тэрмінова вызваліць усіх палітзняволеных з поўнай іх рэабілітацыяй”.

Пасля прысуду кіраўніку Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесю Бяляцкаму Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі будзе намагацца ініцыяваць выключэньне Беларусі з Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ). Пра гэта заявіла прадстаўніца Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, сябра “Цэнтра грамадзянскіх свабод”(Украіна) Аляксандра Матвейчук. Прысуд Бяляцкаму дэманструе сапраўдныя адносіны беларускіх уладаў да правоў чалавека як каштоўнасьці, на якой засноўваецца АБСЕ. Па словах Матвейчук, гэтая ідэя і раней выказвалася асобнымі арганізацыямі з розных краінаў, якія ўваходзяць у Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Прысуд Алесю Бяляцкаму павінен падштурхнуць Камітэт да прыняцця агульнага рашэньня па гэтаму пытанню.

Аляксандра Матвейчук звярнулася да пракурораў, следчых, суддзяў, супрацоўнікам рэдакцый, якія датычныя да фабрыкаваньня справы Бяляцкага і да гнуснай  кампаніі шальмавання праваабаронцы, з напамінам аб тым, што “выкананьне загадаў не апраўдвае іх выканаўцаў, калі загады злачынныя і парушаюць правы чалавека”.

Вольга Саламатава, прадстаўнік Хельсінскага фонда па правах чалавека (Польша), звярнула ўвагу на беспрэцэндэнтныя меры бяспекі пад час суду:

“Асаблівыя меры бяспекі да чалавека, якога абвінавачваюць нібыта у эканамічным злачынстве выклікаюць вялікае пытаньне. Ён знаходзіцца у клетцы, а людзі, якія прыходзяць на суд вымушаныя прайсці ганебную працэдуру асабістага дагляду невядомымі людзьмі ў цывільным, статус, якіх не вызначаны. Яны ж ў вялікай колькасьці знаходзіліся ў судовай залі…

...На жаль, тое, што мы чулі пад час працэсу, не знайшло аніякага адлюстравання ў прысудзе. І гэты працэс нельга назваць справядлівым і бесстароннім судом. Нельга казаць пра тое, што суд быў незалежным. Безгрунтоўнасьць абвінавачваньня паказвалі на судзе нават тыя сведкі, якіх выклікаў бок абвінавачваньня”.

Усе гэтыя элементы, на думку Саламатавай, сьведчаць пра асаблівыя адносіны да працэсу Бяляцкага, што дадатковы раз падцвярджае палітычны характар крымінальнай справы.

Рэзюме падвёў намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Ён нагадаў прысутным аб тым, што пасля 19 сьнежня 2010 года пачалося сапраўднае паляваньне і ціск спецслужбаў на ПЦ „Вясна“. І бясконцае ўрываньне ў офіс супрацоўнікаў КДБ і міліцыі, і правядзенне ў тым ліку і непрацэсуальных аператыўных мерапрыемстваў — усё гэта сведчыць пра тое, што Бяляцкі пераследаваўся не за эканамічнае злачынства, а таму, што ён з’яўляецца старшынём ПЦ „Вясна“. Стэфановіч расцэньвае прысуд як абсалютна сьвядомы перасьлед Бяляцкага і праваабарончага цэнтру ў цэлым.

Асобна Стэфановіч спыніўся на разгорнутай у дзяржаўных СМІ кампаніі шальмаваньня праваабаронцы Бяляцкага:

“Хацелася б адзначыць у цэлым палітыку дзяржаўных СМІ, якая ярка падкрэслівае палітычны кампанент гэтай справы. У апошнія тыдні ішла моцная дыфамацыйная атака,  фактычна кожная „раёнка“ перадрукавала артыкул пра  Бяляцкага, таксама  калі з’яўляліся дзіўныя фотаздымкі, у якіх можна пазнаць наш офіс.  Між тым, СМІ не кажуць, што гэты офіс быў набыты яшчэ ў 2000 годзе і ніякім чынам не адносіцца да таго перыяду, які разглядаўся ў судзе  (з 2007 па 2011 год. СМІ не гавораць пра тое, што двухпакаёвая кватэра, у якой прыжывае Бяляцкі, была набыта ім яшчэ ў 1998 годзе, калі ён быў дырэктарам музея Багдановіча… Усё гэта падаецца так, быццам Бяляцкі скраў нейкія грошы і зрабіў сабе “прыгожае жыццё”

На прэс-канферэнцыі была распаўсюджаная Заява ПЦ “Вясна” і Заява Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека з нагоды крымінальнага прысуду Алесю Бяляцкаму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства