Дзве гадзіны пратрымалі ў пастарунку бабруйскіх актывістак “Гавары праўду”
Сёння, 19 кастрычніка, на вуліцы 50 год ВЛКСМ была затрымана зборшчыца подпісаў Валянціна Глухава. Затрыманне праводзіў участковы, які паведаміў жанчыне, што прыбыў на выклік “жыхаркі інтэрната, па якім яна хадзіла”. Пры гэтым сама Валянціна сцвярджае, што збірала подпісы толькі на вуліцы.
Валянціна Глухава збірае подпісы за тое, каб дэпутаты справаздачыліся аб сваёй дзейнасці грамадзянам, ужо на працягу двух месяцаў. І толькі сёння яе асобай зацікавілася міліцыя. Падтрымаць яе ў пастарунак прыехала актывістка кампаніі “Гавары праўду” Вольга Піманава, якая таксама стала ўдзельніцай далейшых падзей. Яе завялі ў кабінет да маёра Андрэя Малахава, які “выхоўваў” жанчын і нават сарваўся на крык.
- У нас сабраныя подпісы хацелі канфіскаваць, - распавядае Вольга Піманава. – Спачатку Малахаў крычаў, што мы збіраем іх не па закону, што павінны былі скласці як зварот ад грамадзян, правесці сход і гэтак далей. Потым нас вывелі ў іншы кабінет, хацелі апытаць, але мы пагадзіліся толькі пад пратакол размаўляць. У выніку, пратрымалі нас гадзіны дзве і адпусцілі без складання пратакола. Зараз сядзім у пастарунку, пішам скаргу на дзеянні міліцыянтаў.