Суд над абвінавачанымі ў тэракце ў мінскім метро праходзіць як паказальны
Працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым пачаўся ў мінскім Доме правасуддзя аб 11-й. Працэс адкрыты.
Судовы працэс Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым пройдзе ў найбольшай залі Дома правасуддзя. Дакладней у актавым залі, якія адмыслова перарабілі на судовае памяшканне.
Зала разлічаная на некалькі сотняў месцаў. Не так, як было над палітвязнямі, калі давалі невялікія памяшканні.
Ажыятаж вялізарны. Дзясяткі журналістаў, пацярпелыя. Усіх прасілі прыйсці за паўтары гадзіны да пачатку працэсу.
Саміх Канавалава і Кавалёва ў клетцы пакуль няма. Перад камерай стаіць шэраг спецназаўцаў (сем чалавек). Клетку правяралі з сабакамі.
Падтрымліваць абвінавачанне на судовым працэсе па справе аб тэракце ў мінскім метро і шэрагу іншых злачынстваў двух ураджэнцаў Віцебска будуць тры дзяржаўныя абвінаваўцы. Сярод трох дзяржабвінаваўцаў — адзін з намеснікаў генеральнага пракурора Аляксей Стук.
Дзмітрыю Канавалаву прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні тэрарызму, які ў тым ліку пацягнуў чалавечыя ахвяры, прычыненне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, іншыя цяжкія наступствы, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмыснага знішчэння і пашкоджання маёмасці агульнанебяспечным спосабам.
Уладзіславу Кавалёву прад’яўлена абвінавачанне ў саўдзеле ў форме дапамагання і ўчыненні тэрарызму, учыненні злоснага і асабліва злоснага хуліганства, наўмысным знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам, у незаконных дзеяннях у дачыненні да выбуховых рэчываў, укрывальніцтве асобы, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, і неданясенні аб учыненых і падрыхтоўцы асабліва цяжкіх злачынстваў.
Выбух на станцыі «Кастрычніцкая» мінскага метро адбыўся 11 красавіка. 15 чалавек загінулі, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.