Губарэвіча зноў выклікаюць на вочную стаўку
Намесніка старшыні гродзенскага БНФ Максіма Губарэвіча ізноў выклікаюць у Мінск на вочную стаўку, трэцюю па ліку, ад пачатку следства пасля інцыдэнта, які адбыўся 13 жніўня ля новай сядзібы БНФ.
У панядзелак ужо новая прызначаная следчая Патапава мае правесці вочную стаўку са сведкам. Як лічыць гродзенец сведкам можа быць чалавек, які выклікаў міліцыю, бо іншых на думку Максіма не было. Паводле яго ў справе шмат супярэчанняў, напрыклад, “пацярпелы” ахоўнік будынку дае супярэчлівыя паказанні.
- Былі супярэчанні, напрыклад гэты чалавек заявіў, што мяне бачыў на гэтым офісе не толькі 13 жніўня, а яшчэ і раней, некалькі дзён перад гэтым і нават нейкую заўвагу мне рабіў. Хаця я магу адказна заявіць, што на гэтым офісе 13 жніўня я быў першы раз. На гэты конт у мяне ёсць жалезнае алібі, што да гэтага я не выязжаў з Гродна і не быў у Мінску, тым больш на гэтым офісе. Пацярпелы ахоўнік сказаў, што мяне пазнае і што я яго разам з усімі астатнімі паваліў на зямлю і біў нагамі.
На думку Максіма Губарэвіча, які знаходзіцца ў стане падазраванага разам з Алесем Калітой ды Сяржуком Семенюком, пагражае пазбаўленне волі паводле артыкула Крымінальнага кодэксу “хуліганства, здзейсненае групай асобаў”. Як паведаміў Максім Губарэвіч, падчас папярэдніх вочных ставак з вахцёркай, якая праходзіць па справе як пацярпелая, тая яго не пазнала. А сам нібыта збіты маладзёнамі ахоўнік падаў паперу, што прэтэнзіяў да хлапцоў не мае, што дае падставу справу закрыць.