У Горадні - ператрусы
Гарадзенскія праваабаронцы зладзілі сёння ў горадзе над Нёманам акцыю ў
падтрымку старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна"
Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца за кратамі ў сувязі ў узбуджанай супраць яго крымінальнай справай нібыта за ўхілення ад падаткаў у буйным памеры.
Грамадскія актывісты раздавалі адмысловыя бюлетэні, прысвечаныя арышту Алеся Бяляцкага, ходзячы па вуліцы Ажэшкі і цэнтральным парку імя Жылібера.
Напрыканцы акцыі трыма асобамі ў цывільным быў затрыманы рэгіянальны праваабаронца Віктар Сазонаў, які быў дастаўлены ў міліцэйскі пастарунак.
Праз некаторы час пасля гэтага ў грамадзска-палітычным офісе па вуліцы Будзённага, а таксама ў кватэры Віктара Сазонава адбыўся так званы "агляд памяшкання", санкцыянаваны пракурорам Ленінскага раёну Гародні. Былі канфіскаваны 2 сістэмныя блокі, кал 7 маек "Свабоду Бяляцкаму!", рэшты спецвыпуску бюлетэняў і улёткі ў падтрымку арыштаванага, праваабарончыя выданні.
Віктара Сазонава адпусцілі прыкладна а 19.45 са складаннем пратаколу за незаконны выраб друкаванай прадукцыі.