У сэйме Польшчы абмеркавалі справу Бяляцкага
17 жніўня а 21-й гадзіне паводле менскага
часу ў польскім парлямэнце адбылося сумеснае паседжаньне камісіяў у міжнародных
справах і ў справах сувязі з палякамі за мяжой, у якім узяў удзел генэральны
пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт.
Падчас пасяджэньня дэпутат Робэрт Тышкевіч заявіў: “Мы, фактычна, выдалі
Бяляцкага ў рукі КДБ і цяпер абавязаныя дапамагчы”.
Сэрэмэт паведаміў, што ад 2009 года афіцыйны Менск накіраваў у Польшчу 14
запытаў, датычных банкаўскіх рахункаў сваіх грамадзянаў і ўсе яны былі
задаволеныя.
“Няма,
аднак, інфармацыі, каб нейкія з гэтых запытаў, пра якія мы ўсе ведаем, тычыліся
прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі і былі выкарыстаны ў якасьці перасьледу
асобаў, якія займаюцца апазыцыйнай дзейнасьцю”, – заявіў генпракурор Польшчы.
Ён адзначыў, што запыт у справе Бяляцкага прайшоў праз рукі “дзевяці альбо
дзесяці пракурораў“ і, як аказалася, адзін супрацоўнік варшаўскай акруговай
пракуратуры “меў сумневы адносна гэтай справы”.
“На наступным тыдні Генэральная пракуратура пачне кансультацыі з МЗС і
Міністэрствам юстыцыі каб выпрацаваць мэханізм, згодна зь якім беларускія
запыты аб юрыдычнай дапамозе накіроўваліся ў Генэральную пракуратуру, а не ў
акруговыя пракуратуры, як гэта ёсьць цяпер”, – заявіў пасьля паседжаньня
камісіі генпракурор Анджэй Сэрэмэт.
Гэта, паводле ягоных словаў, дапаможа “цэнтралізаваць перадачу беларускіх
запытаў” ды пазьбегчы памылак.
Сябры камісіяў дамагаліся стварэньня юрыдычных падставаў, якія змушалі б
польскую пракуратуру зьвяртацца ў МЗС краіны, калі ёсьць падобныя запыты зь
Беларусі.
“Такія
кансультацыі дапамаглі б прымаць правільныя рашэньні ды пазьбегчы такіх
гіганцкіх скандалаў, які мы маем у выпадку зь Бяляцкім”, – заявіў намесьнік
старшыні камісіі замежных справаў, дэпутат Робэрт Тышкевіч.
Падчас паседжаньня камісіі дэпутаты выслухалі дэталёвае апісаньне мэханізму,
які прывёў да выдачы інфармацыі пра рахункі Бяляцкага. З гэтага вынікае, што
прычынаю выдачы сталі “некампэтэнтнасьць, недапрацоўкі ды
бестурботнасьць”. Тышкевіч паведаміў, што гаворка вялася таксама пра
дапамогу Алесю Бяляцкаму, якога “мы, фактычна, выдалі ў рукі КДБ” і
арганізацыяй такой дапамогі займаецца цяпер МЗС Польшчы.