Затрыманні на плошчы Паўстання ў Гомелі
Раней арганізатары інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» аб’явілі аб перапынку ў мерапрыемствах да верасня, аднак актыўныя гамяльчане працягвалі збірацца па серадах у 19.00 каля фантана ля цырка, каардынуючы свае дзеянні праз сацыяльную сетку «УКантакце». Яны нічым сябе не праяўлялі, толькі збіраліся ў прызначаны час і размаўлялі.
«17 жніўня на пляцоўцы каля фантана сабралася каля 20 чалавек, а міліцыі было яшчэ больш. Мы проста размаўлялі і потым разышліся. Дзмітрыя Карашкова затрымалі каля плошчы Паўстання супрацоўнікі ДАІ, калі ён збіраўся з’язджаць на сваім аўтамабілі», — паведаміў БелаПАН актывіст зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Андрэй Цянюта.
Карашкоў паведаміў БелаПАН па тэлефоне, што сваё затрыманне ён звязвае з удзелам у акцыі маўклівага пратэсту. «Гэта было мэтанакіраванае затрыманне. У супрацоўніка ДАІ быў запісаны нумар майго аўтамабіля. Я толькі паспрабаваў ад’ехаць ад плошчы Паўстання, як мяне спынілі супрацоўнікі ДАІ і абвінавацілі ў тым, што я нібыта не прапусціў пешахода. Цяпер у мяне забралі ключы ад аўтамабіля і, напэўна, кудысьці павязуць», — сказаў Карашкоў.
Каб падтрымаць мяне, да месца яго затрымання падышлі іншыя ўдзельнікі акцыі. «Але тут ужо нас чакала міліцыя. Праверылі дакументы. У каго былі пашпарты — перапісалі звесткі і адпусцілі, а тых, хто быў без дакументаў, павезлі ў РАУС для разбору», — паведаміў Андрэй Цянюта. Сам ён пазбег затрымання, бо быў з пашпартам.