У Польшчы звальненні за справу Бяляцкага
Генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт заявіў сёньня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, што вінаватыя ў перадачы дадзеных з банкаўскіх рахункаў Алеся Бяляцкага шэраг супрацоўнікаў пракуратуры, якія не выконвалі належным чынам свае службовыя абавязкі.
Паводле Сэрэмэта, звольненыя кіраўнік дэпартамэнту міжнароднага супрацоўніцтва Кшыштаф Каршніцкі і ягоная намесьніца.
Сэрэмэт: “Я спадзяюся, што гэтыя рашэньні прадухіляць выкананьне такіх
запытаў і паспрыяюць ачыстцы сытуацыі, зь якой мы маем цяпер дачыненьне”
Генпракурор Польшчы таксама сказаў, што яму “па-чалавечы, вельмі прыкра
за тое, што здарылася”. Паводле ягоных словаў, сёлета зь Менску прыйшлі
два запыты ў справе банкаўскіх рахункаў, прычым другі таксама быў “у
справе асобы, якая зьвязаная з апазыцыйнай дзейнасьцю”, але ў выпадку яе
пракуратура Польшчы запыт не задаволіла.
Напрыканцы мінулага тыдня, калі аказалася, што Генпракуратура перадала
афіцыйнаму Менску інфармацыю ў справе Бяляцкага, практычна ўсе найбольш
важныя палітыкі краіны моцна скрытыкавалі гэты крок.
Прэм’ер-міністар Дональд Туск назваў тое, што адбылося “дурнотаю, а не
некампэтэнтнасьцю”, а лідэр буйнейшай апазыцыйнай партыі “Права і
справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі заклікаў да грунтоўнай рэформы
генпракуратуры, запрапанаваўшы вярнуць кантроль над пракуратурай
міністру юстыцыі. Паводле Качыньскага, гэта дазволіла б, сярод іншага,
пазьбегнуць падобных выпадкаў.
У выніку нядаўняй рэформы міністар юстыцыі перастаў быць адначасова і
генэральным пракурорам – пракуратура сталася незалежнай ад ураду.
Між тым прадстаўнік ураду, міністар Павал Грась адзначыў раней, што МЗС
Польшчы ў студзені сёлета папярэджваў пракуратуру аб тым, што падобныя
сытуацыі могуць мець мейсца ды заклікаў грунтоўна правяраць запыты
афіцыйнага Менску ды кансультаваць іх са зьнешнепалітычным ведамствам.
Гэта пераказаў сваім падначаленым і генпракурор Анджэй Сэрэмэт.
“Я расчараваны пазыцыяй некаторых супрацоўнікаў пракуратуры, якія не выканалі мае даручэньні”, - адзначыў Сэрэмэт.
Паводле генпракурора цяпер усе запыты беларускага боку будуць кансультавацца з МЗС Польшчы.