На арышт Алеся Бяляцкага
4 жніўня 2011 г. у Менску быў затрыманы і ўзяты пад варту старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі. Здарылася тое, што, напэўна, не магло не здарыцца з кіраўніком адной з найбольш актыўных праваабарончых арганізацыяў ва ўмовах жорскага аўтарытарызму, у якіх знаходзіцца Беларусь на працягу апошніх 17 гадоў. Аднак пры гэтым узнікае шэраг пытанняў: чаму гэта адбылося зараз, а не, скажам, у 2006-ым ці 2008-ым гадах? Тым больш, што фармальная падстава для крымінальнага пераследу Алеся і іншых сябраў “Вясны” з 2006-га заўсёды была пад рукой – сумнавядомы артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса. Балазе, ні Алесь, ні я, ні іншыя сябры “Вясны” не хавалі, што працягваюць дзейнасць у межах арганізацыі, нягледзячы на яе ліквідацыю Вярхоўным Судом Беларусі ў 2003 годзе.
Тое, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” аказвае ў тым ліку і матэрыяльную дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў і парушэння правоў чалавека, ні для каго не было сакрэтам. Пра месца знаходжання офіса “Вясны” ведаюць практычна ўсе грамадска-палітычныя аткывісты краіны, якія патраплялі пад пераслед з боку ўладаў. За 15 гадоў свайго існавання ПЦ “Вясна” аказаў дапамогу тысячам беларусаў. Пра гэта ведаюць сваякі палітвязняў, сваякі зніклых у 1999-ым годзе палітыкаў, тысячы беларусаў, якія падвяргаліся розным адміністратыўным спагнанням за сваю грамадска-палітычную дзейнасць.
Падчас падзеяў 2006-га, пост-снежаньскіх падзеяў 2010-га і лета 2011-га ПЦ “Вясна” засведчыў, што можа дзейсна аказваць дапамогу рэпрэсаваным нават ва ўмовах, калі гэтыя рэпрэсіі набываюць масавы характар. Падчас маўклівых акцыяў пратэсту менавіта ў ПЦ “Вясна” былі перададзеныя грашовыя сродкі, сабраныя грамадзянамі у дапамогу рэпрэсаваным удзельнікам акцый. Для мяне асабіста гэта было праявай поўнага і абсалютнага даверу да арганізацыі з боку беларускай грамадзянскай супольнасці і пацверджаннем высокага аўтарытэту “Вясны” ў Беларусі. Усе апошнія месяцы на офісе “Вясны” не сканчаўся наплыў людзей, якія былі арыштаваныя ці ашрафаваныя за тое, што пасмелі пляскаць у далоні на вуліцах родных гарадоў. Прычым працавалі мы і працягваем працаваць фактычна адкрыта, нікуды не хаваючыся.
Ведалі пра гэта і спецслужбы краіны. Недарэмна падчас апошніх ператрусаў на офісе “Вясны” і асабістай кватэры Бяляцкага супрацоўнікаў КГБ цікавілі выключна фінансавыя дакументы: распіскі, квітанцы і г.д. Таму логіка ўладаў мне падаецца тут абсалютна зразумелай. Летнія “маўклівыя акцыі” засведчылі пра павелічэнне пратэстных настрояў у грамадстве, асабліва на фоне эканамічнага крызісу, ахапіўшага краіну. Улады знаходзяцца ў прадчуванні “гарачай” восені, зімы, а, магчыма, і вясны 2012 г. Знішчэнне структуры, якая аказвае рэальную дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіў, у дадзенай сітуацыі прыярытэт для спецслужбаў. У “Вясне”, якая так доўга муляла ім вочы, беларускія улады ўгледзелі сур’ёзную пагрозу. Прычым настолькі сур’ёзную, што, нават разумеючы і ведаючы пра вялікі негатыўны розгалас і магчымыя не менш негатыўныя наступствы, вырашылі-такі ізаляваць Бяляцкага. А гэта не жарты - узяць ды пасадзіць дзейнага віцэ-прэзідэнта адной з найстарэйшых і уплывовых міжнародных арганізацый –Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека. Горш было толькі з прэзідэнтам FIDH, які быў расстраляны падчас фашыстоўскай акупацыі Францыі ў гады другой сусветнай вайны. Я ўжо не кажу пра такія рэчы, як праваабарончая міжнародная салідарнасць, якая па сваёй сіле не саступае салідарнасці журналісцкай.
Тым не менш, улады пайшлі на гэтыя крокі, прычым адразу пасля менскіх падзеяў 19 снежня 2010 г. Менавіта з гэтага дня пачаўся асаблівы інтарэс спецслужбаў да “Вясны” –два ператрусы на офісе, ператрусы на асабістай кватэры і лецішчы Алеся. Усяго за апошнія сем месяцаў офіс “Вясны” перажыў пяць уварванняў прадстаўнікоў міліцыі і КГБ. А чаго вартая пастаянная дэфамацыя Бяляцага і “Вясны” ў дзяржаўных СМІ. Вядома, што “Вясна” і асабіста Алесь Бяляцкі – прынцыповыя і жорскія крытыкі дзеючага рэжыму. Бяляцкі неаднаразова заклікаў да жорсткіх санкцыяў з боку ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі - у сувязі з сістэматычнымі і грубымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне. Адзін з такіх выступаў Бяляцкага ў ПАСЕ выклікаў асабліва негатыўную рэакцыю Лукашэнкі і дзяржаўнага тэлебачання. Пасля гэтага мне здалося, што расправа над Алесем - гэта пытанне часу…
Трэба адзначыць, што ўлады даўно і грунтоўна рыхтаваліся для гэтай “спецаперацыі”. Прычым прапрацоўвалі розныя варыянты яе практычнага ажыццяўлення. Ад ужывання артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса ў дачыненні, найперш, да кіраўніка арганізацыі “Вясны” (пра што сведчыць папярэджанне Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, вынесенае Алесю Бяляцкаму ў лютым гэтага году) да іншых магчымых варыянтаў. І гэты іншы магчымы варыянт быў прадастаўлены спецслужбам Беларусі Мінюстам суседняй Літвы. Вядома, варыянт адправіць Бяляцкага за краты за нібыта ўтойванне падаткаў мае значна больш перавагаў для ўлады, чым ужыванне відавочна палітычнага 193.1 КК. Беларускай і міжнароднай грамадскасці заўсёды можна паспрабаваць растлумачыць, што арыштаваны не праваабаронца, а звычайны “укланіст”, які чамусьці не хацеў сплочваць у бюджэт роднай дзяржавы падаходны падатак з замежнай дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій гэтай жа дзяржавы.
Інфармацыя аб нашых банкаўскіх рахунках у Вільні была перададзеная Мінюстам Літвы ў Беларусь яшчэ ў сакавіку гэтага году. Толькі напрыканцы чэрвеня я і Алесь былі выкліканыя ў раённыя аддзяленні Міністэрства па падатках і зборах, дзе нам былі прад’яўленыя акты камеральных праверак і раздрукоўкі банкаўскіх рахункаў. Прычым на ўсіх дадзеных раздрукоўках стаялі штампы ДФР. Такім чынам, фармальна ДФР мог узбудзіць крымінальную справу ў дачыненні да Алеся як мінімум у чэрвені – на пачатку ліпеня. Аднак не ўзбудзіў. Прычым ні мне ні Алесю не было абмежавана права на выезд за межы краіны, хаця фармальныя падставы для гэтага былі. У Алеся складалася ўражанне, што ўлады адмыслова праз падатковую інспецыю паказалі яму гэтыя дакументы - даючы такім чынам час на роздум. Вядома, для ўладаў Беларусі было б лепей, калі б Бяляцкі сам вырашыў іх праблему - выехаўшы за мяжу, эміграваўшы пад пагрозай крымінальнага пераследу. Скажу шчыра, што мы, сябры Рады ПЦ “Вясна”, прапаноўвалі яму такі варыянт, паколькі прадбачылі магчымае развіццё падзеяў. Аднак Алесь адмёў нашыя прапановы. Ён сказаў, што ніколі не з’едзе з краіны і калі ўлады хочуць пасадзіць яго ў турму за тое, што ён дапамагае людзям, то гэта праблема ўладаў.
Аднак зараз у следства складаная задача. Ім трэба даказаць, што сумы грошай, пералічаныя на рахунак Бяляцкага, з’ўляліся яго асабістым даходам. Згодна з нашым падаткавым заканадўствам, менавіта даход падлягае падаткабкладанню. У дадзеным выпадку гэтыя грошы паступалі на канкрэтна акрэсленыя фондамі мэты і расходваліся выключна на іх. Мы маем пераканаўчыя доказы таго, што дадзеныя грошы не з’яўляліся асабістым даходам Бяляцкага. Хоць наўрад ці гэтыя доказы будуць пераканаўчымі для нашых суддзяў, якія ўжо даўно ператварыліся ў “хлопчыкаў і дзяўчынак па выкліку” для абслугоўвання чарговых “хапуноў”-сілавікоў. Суд у Беларусі - рэч вельмі прадказальная.
Я ўсведамляю, што арышт Бяляцкага - гэта не апошнія захады ўладаў у дачынні да “Вясны”. Калі задача ўладаў заключаецца ў разгроме арганізацыі, то гэта вымагае новых і новых арыштаў. Аднак лепшае, што зараз мы можам зрабіць для Алеся, гэта захаваць дзеяздольнасць арганізацыі. Мы павінны прыкласці намаганні, каб дапамога ахвярам рэпрэсій не спынялася, як і іншыя накірункі нашай дзейнасці. За 15 гадоў свайго існавання мы пабачылі і зведалі рознае. Мы мусім ісці наперад, бо людзям патрэбная нашая дапамога, бо мы патрэбныя людзям. Як кажуць на Усходзе, “Прокопов лает, а караван идёт”. Мы будзем змагацца за вызваленне ўсіх палітвязняў, за вызваленне Алеся. І я проста ўпэўнены, што мы хутка ўсіх іх пабачым на волі.
А “таварышам чэкістам і лукашыстам” я хацеў бы сказаць, што вы падавіцеся Бяляцкім і мы, “вясноўцы”, прыкладзем для гэтага ўсе свае намаганні.
Валянцін Стэфановіч
Чытайце таксама:
Валянцін Стэфановіч: “Гэтае непаразуменне будзе дорага каштаваць “Вясне”