Валянцін Стэфановіч: “Гэтае непаразуменне будзе дорага каштаваць “Вясне”
5 жніўня ў Доме правоў чалавека ў Вільні прайшла прэс-канферэнцыя з нагоды затрымання Алеся Бяляцкага з удзелам сябраў Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Намеснік старшыні арганізацыі Валянцін Стэфановіч распавёў прысутным журналістам пра сітуацыю з затрыманнем Алеся Бяляцкага.
Яшчэ ў чэрвені праваабаронцаў выклікалі ў падатковую інспекцыю, дзе прадставілі копіі банкаўскіх дакументаў пра рахункі, аформленыя на Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча.
Гэтыя звесткі беларускі бок атрымаў ад міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі ў межах двухбаковай дамовы пра ўзаемадапамогу па крымінальных, грамадзянскіх і сямейных справах.
У дакументах утрымліваецца інфармацыя пра паступленне на рахункі грашовых сродкаў ад розных міжнародных праваабарончых арганізацый і фондаў. “Сродкі, якія пералічваліся на рахункі ў Літве, накіроўваліся не на прыватныя патрэбы асобаў, на якіх тыя рахункі былі аформленыя, а на праваабарончую дзейнасць, у прыватнасьці - на падтрымку палітычных зняволеных у Беларусі”, - падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.
На думку праваабаронцы, беларускія ўлады выкарыстоўваюць атрыманую інфармацыю для пераследу Алеся Бяляцкага за ягоную праваабарончую дзейнасць.
“Мы будзем працягваць сваю праваабарончую дзейнасць, пакуль на волі будуць заставацца сябры арганізацыі. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Алеся Бяляцкага”,- заявіў Валянцін Стэфановіч.
Каментуючы дзеянні Міністэрства юстыцыі Літвы, праваабаронца адзначыў: “Я ведаю, як шмат Літва робіць для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Я расцэньваю гэтую сітуацыю як пэўнае непаразуменне, але гэтае непаразуменне будзе дорага нам каштаваць”.
Здымкі RU DELFI: