Жанна Літвіна: “Мы заклікаем неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і спыніць пераслед беларускіх праваабаронцаў”
Старшыня ГА «БАЖ» пракаментавала затрыманне сябра арганізацыі, праваабаронца Алеся Бяляцкага.
“Тое, што праваабаронцы, следам з палітыкамі і журналістамі, сёння апынуліся ў эпіцэнтры рэпрэсій, выглядае абсалютна лагічным. Менавіта яны ўзялі на сябе клопат пра сотні беларускіх палітрэпрэсаваных і іх сваякоў, не даўшы людзям застацца сам-насам з бядой, разгубленасцю, бездапаможнасцю… Гэта самаахвярная праца, якая вымагае высокага прафесіяналізму, і нашы праваабаронцы выдатна з ёй спраўляюцца.
Праваабарончы цэнтр „Вясна“ - гэта арганізацыя, якую добра ведаюць ва ўсім свеце. З 2004 года яна ўваходзіць у Міжнародную Федэрацыю Правоў Чалавека, а кіраўнік „Вясны“ Алесь Бяляцкі з’яўляецца віцэ-прэзідэнтам МФПЧ.
Алесь - бясстрашны і прынцыповы чалавек. Ні ён, ні яго калегі ніколі не баяліся публічна адстойваць свае перакананні, за што не раз былі прыцягнутыя да адказнасці. Гэтыя адкрытасць і цвёрдасць даюць надзею, што Алесь дастойна справіцца і з гэтым чарговым выпрабаваннем.
Мы заклікаем улады неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і спыніць пераслед беларускіх праваабаронцаў. Сёння ўся правабарончая супольнасць павінна кансалідавацца вакол гэтых патрабаванняў”, — заявіла Жанна Літвіна.