Суд над удзельнікамі несанкцыянаванай акцыі ў Брузгах абвясьцілі закрытым
Суд Ленінскага раёну Горадні задаволіў хадайніцтва прадстаўнікоў УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, якія выставілі пазоў да актыўных удзельнікаў акцыі пратэсту на памежным пераходзе ў Брузгах 12 чэрвеня. Суд задаволіў хадайніцтва на падставе таго, што ў справе ёсьць дакумэнты толькі для службовага карыстаньня.
Сёньня адбывалася другое паседжаньне суду. Сярод адказчыкаў у залі суду — прадстаўнікі ўсіх памежных раёнаў Гарадзеншчыны: з Ваўкавыску, Бераставіцы, Горадні, Шчучына.
Адметнасьць справы ў тым, што пазоў, пададзены ў інтарэсах упраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму і Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, разглядаецца адразу да 36 удзельнікаў акцыі. Праўда, сёньня на працэсе прысутнічалі толькі 24 адказчыкі.
Большасьць часу сышла, пакуль судзьдзя агалошвала прозьвішчы адказчыкаў і спраўджвала іх яўку. Потым адразу з хадайніцтвамі выступілі прадстаўнікі абласной міліцыі і запатрабавалі зрабіць працэс закрытым.
Пазоў міліцыянтаў аб закрытасьці працэсу падтрымалі пракурор і прадстаўнікі мытні. 24 адказчыкі ўсталі і голасна заявілі, што хочуць адкрытага суду, але іх думку судзьдзя не ўлічыла.
Далей стала вядома, што прадстаўнікі і абласной міліцыі, і рэгіянальнай мытні зьмянілі сумы пазоваў. Міліцыянты з шасьці з паловай мільёнаў павялічылі суму да 11 мільёнаў 115 тысяч, а мытнікі, наадварот, панізілі — з 152 тысяч да 52 тысяч рублёў.
Адказчыкі, у сваю чаргу, не разумеюць сутнасьці пазову і кажуць, што страты міліцыі павінна несьці дзяржава, а яны ўжо раней за свае дзеяньні былі асуджаны адміністратыўным судом да штрафаў ад 30 да 80 базавых велічынь.
Спадарыня: "Шмат якія патрабаваньні абсалютна незразумелыя. Да прыкладу, у прадстаўніка мытні пыталіся, на якой падставе яны разьлічылі пазоў — ён ня мог адказаць. У міліцыянтаў пыталіся — чаму да адказнасьці прыцягнулі 36 чалавек, калі нас было больш за 200. Яны нічога не камэнтуюць, от, каго захацелі, таго і выбралі".
Цікава, што 36 адказчыкаў ня маюць адваката і сёньня самі казалі, што многія зь іх ня могуць нават правільна сфармуляваць у судзе свае пытаньні і патрабаваньні. Пасьля сёньняшняга паседжаньня, калі працэс зрабілі закрытым, адказчыкі вырашылі, што сытуацыю з адвакатам яны зьменяць ужо заўтра.
А вось што казалі некаторыя зь іх пра тое, што працэс зрабілі закрытым:
Спадар: "Я думаю, што там ніякай сакрэтнай інфармацыі няма. Проста яны пабаяліся, што ў залі прысутнічаюць журналісты, а значыцца, уся гэтая іх справа можа стаць даступнай для сьвету".
Другі спадар: "Ня хочуць, каб гэта стала вядома грамадзкасьці. Я лічу, яны баяцца…".
Працяг працэсу 2 жніўня а 10.30.
Пракуратура Гарадзенскай вобласьці падала ў суд пазоў да 36 актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага пікету на памежным пункце пропуску "Брузгі". Пазоў пададзены ў інтарэсах упраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму і Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. У ім утрымлівалася патрабаваньне кампэнсацыі стратаў на суму звыш 11 мільёнаў рублёў.