КДБ вяртае сканфіскаваную тэхніку - у непрацоўным стане
Супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ 29 ліпеня вярнулі сябру Партыі БНФ з Рэчыцы Алегу Карбалевічу рызограф, канфіскаваны падчас сакавіцкага ператрусу ў вёсцы Перасвятое.
Як паведаміў спадар Карбалевіч, рызограф знаходзіцца у непрацоўным стане, што ён указаў у сваёй распісцы КДБ.
Капітан КДБ Коласаў, які ачольваў ператрус, а цяпер вяртаў актывісту сканфіскаванае, на гэта толькі заўважыў, што, маўляў, яны падчас ператрусу не правяралі, ці працуе рызограф, а таму не нясуць адказнасці і зараз.
Спадар Карбалевіч упэўнены, што падчас ператрусу рызограф знаходзіўся у працоўным стане, а сам ён не мае ніякага дачынення да крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Мінску, у межах якой праводзіўся ператрус. Неаднаразовыя скаргі актывіста ў пракуратуру вобласці заставаліся без задавальнення.
15 сакавіка супрацоўнікі Гомельскай управы КДБ правялі ператрус у вёсцы Перасвятое Рэчыцкага раёна, па месцы жыхарства спадара Карбалевіча. У актывіста сканфіскавалі сістэмны блок кампутара, рызограф, невялічкую камеру відэаназірання, а таксама брашуры пра вынікі маніторынгу БХК, брашуру пра сітуацыю з правамі чалавека за 2009 год, агляд-хроніку парушэнняў правоў чалавека праваабарончага цэнтру «Вясна». Забралі нават аркушы для сацыялагічнага апытання, нагадвае “Гомельская вясна”.
Падчас выбарчай кампаніі актывіст працаваў у камандах альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзідэнта — Рыгора Кастусёва і Уладзіміра Някляева.