Новы абвінавачаны па справе Плошчы-2010 да суду знаходзіцца на Валадарцы
Святаславу Барановічу, паводле прад’яўленага 21 чэрвеня абвінавачання, інкрымінуецца ўдзел у масавых беспарадках, гвалт над асобай.
Малады чалавек быў узяты пад варту 15 чэрвеня. Высветлілася, што следчыя нядаўна ўстанавілі яго асобу як чалавека, які ёсць на здымку на плошчы Незалежнасці каля Дома ўраду. Сталі тэлефанаваць Святаславу і яго родным. Ён сам з’явіўся ў СУПР ГУУС Менгарвыканкама, дзе яго і затрымалі да прад’яўлення абвінавачання.
Абвінавачанне Святаславу Берніковічу прад’яўлена па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса РБ. Паводле версіі следства, падчас акцыі ён адабраў у супрацоўнікаў міліцыі дубінку і нанёс ёй удары па шчытах, аднак насамрэч меў намер ударыць людзей. То бок, інкрымінуецца гвалт над асобай і ўдзел у масавых беспарадках. Сам абвінавачаны прызнае віну часткова - што ўдарыў дубінкай па шчытах, але не прызнае, што імкнуўся кагосьці біць і адмаўляе сам факт масавых беспарадкаў.
Святаслаў Барановіч 1986-га году нараджэння, родам з вёскі Кавалі Вілейскага раёна. Ён малодшы, шосты дзіцёнак у сям’і. Скончыў ПТВ у Пухавіцкім раёне, мае спецыяльнасць сантэхніка. Апошнім часам пражывае ў Менску.