Жонкі зьніклых Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага падалі скаргу ў суд на дзеяньні гарадзкой пракуратуры за спыненьне справы па пошуку іх родных. Яны не выключаюць звароту ў адзін з еўрапейскіх судоў, дзе прымаюцца справы па злачынствах супраць чалавечнасці.
Расьсьледаваньне справы выкраданьня Віктара Гачара і Анатоля Красоўскага беспасьпяхова вялося гарадзкой пракуратурай Менску два гады, напрыканцы 2002 году яно было ўвогуле прыпыненае, афіцыйна — з прычыны адсутнасьці пэрспэктывы ягонага завяршэньня.
Аднак з гэтым не пагадзіліся жонкі зьніклых палітыкаў, якіх закон прызнаў пацярпелымі. Цягам пяці месяцаў Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская абскарджвалі пастанову пра прыпыненьне расьсьледаваньня на розных узроўнях пракуратуры, але выніку гэта не дало. Супрацоўнікі пракуратуры адмаўляліся аднавіць справу. Таму 20 траўня жанчыны зьвярнуліся ў суд Цэнтральнага раёну Менску са скаргаю на дзеяньні пракуратуры.
Цягам 10 дзён у Цэнтральным судзе павінныя вызначыцца, ці прымаць скаргу да разгляду. Калі раённы суд адмовіць, жонкі зьніклых палітыкаў маюць намер зьвярнуцца ў гарадзкі, а потым і Вярхоўны суд. Яны лічаць, што хутчэй за ўсё іхную скаргу паўсюль адхіляць, але тады яны будуць мець законныя падставы для звароту ў суд адной з эўрапейскіх краінаў. Як верагодны называецца суд у Бэльгіі або ў іншай эўрапейскай краіне, дзе прадугледжаны разгляд справаў пра злачынствы супраць чалавецтва. Адвакат Гары Паганяйла каментуе Радыё Свабода: “Калі эўрапейскі суд прызнае дастатковымі нашыя доказы пра немагчымасьць разгляду справы ў Беларусі і прыме яе да свайго разгляду, пэўныя асобы ў Беларусі будуць абвешчаныя падазронымі і тады праз “Інтэрпол” магчыма будзе дамагацца іхнага затрыманьня і прымусовага дастаўленьня ў гэты суд. Мяркую, прыблізна ўвосень мы дойдзем да эўрапейскага суду”.