Бабруйскі журналіст Анатоль Санаценка паведамляе пра ціск з боку пракуратуры
Рэдактар газеты “Бабруйскі кур’ер”, якая зараз існуе толькі ў электронным варыянце, распавёў пра пераслед з боку пракуратуры.
- Намеснік пракурора Ленінскага раёна Анатоль Кабернік тэлефанаваў мне 14 красавіка, каб запрасіць на размову, - распавядае Анатоль Санаценка. - Я адразу папярэдзіў яго, што без правільна аформленай позвы нікуды не пайду. Ён прапанаваў прывезці яе асабіста, і я пагадзіўся. Але калі Кабернік прыехаў, аказалася, што ніякай павесткі ў яго няма. Затое ён прыхапіў з сабой афіцыйную паперу, праўда, невядома ад каго. Паколькі позвы ў яго з сабой не было, я адмовіўся падпісваць гэтую паперу, і ён гэта адзначыў.
Таксама Анатоль Санаценка паведаміў, што ў сувязі з ціскам на яго з боку пракуратуры, ён зрабіў заяву, якую апублікаваў на сайце газеты пад назвай “Бобруйский курьер” заявляет…”
У заяве журналіст выказвае занепакоенасць сітуацыяй са свабодай СМІ.
“Праваабарончая хроніка”