Адказ Праваабарончага цэнтру “Вясна” Генпракуратуры: мы не спынім сваю дзейнасць
ЗАЯВА
16 лютага 2011 г. старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Алесю Бяляцкаму вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона за подпісам намесніка Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь М.І. Кукліса.
У папярэджанні сцвярджаецца, што дзеянні А. Бяляцкага ад імя праваабарончай арганізацыі “Вясна”, якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Праваабаронца афіцыйна папярэджаны, што ў выпадку далейшай дзейнасці будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні яго да крымінальнай адказнасці.
Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” нагадвае прадстаўнікам Генеральнай пракуратуры, што ліквідацыя Грамадскага аб’яднання “Праваабарончы цэнтр “Вясна” Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь у кастрычніку 2003 г. прызнанана Камітэтам па правах чалавека ААН парушэннем арт. 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з дадзеным рашэннем Камітэту, ураду Беларусі рэкамендавана правесці перарэгістрацыю Праваабарончага цэнтру “Вясна” і прыняць меры па недапушчэнні падобных парушэнняў у будучым. Нягледзячы на тое, што Беларусь прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН і ўзяла на сябе абавязацельствы па выкананні палажэнняў Пакту, дадзенае рашэнне не выканана ўрадам да гэтага часу. Больш за тое, сябрам Праваабарончага цэнтру “Вясна” па надуманых, нічым не абгрунтаваных прычынах на працягу 2007-2009 гадоў тройчы адмоўлена ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе: намі ажыццяўляецца дзейнасць выключна ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і палажэннямі Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыі аб праваабаронцах), прынятай рэзалюцыяй 53/144 Генеральнай Асамблеі ААН 9 снежня 1998 г. Наша пазіцыя адносна арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса, якім прадугледжана крымінальная адказнасць за дзейнасць у незарэгістраванай арганізацыі і які можа быць ужыты як адносна Алеся Бяляцкага, так і іншых сяброў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, адназначная: забарона такой дзейнасці і адказнасць за яе супярэчыць як Канстытуцыі нашай краіны, так і міжнародным актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, у прыватнасці -- Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прымяненне артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса з’яўляецца сведчаннем грубейшага парушэння Рэспублікай Беларусь свабоды асацыяцый і застаецца нязменным аб’ектам крытыкі ўплывовымі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку АБСЕ і ААН.
Мы, сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна”, выказваем рашучы пратэст з нагоды дзеянняў Генеральнай пракуратуры і расцэньваем іх як спробу запалохвання актывістаў арганізацыі і ўсяго праваабарончага руху Беларусі. Мы лічым сваю праваабарончую дзейнасць абсалютна законнай, запатрабаванай беларускай грамадскасцю і заяўляем, што не спынім яе.
Прынята Радай Праваабарончага цэнтру “Вясна”
Мінск, 17 лютага 2011 г.