Вядомыя прозвішчы 27 абвінавачаных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках
На сайце ГУУС Менгарвыканкама з’явілася інфармацыя пра асоб, якім прад’яўленае абвінавачваньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня. Прычым, як сцвярджаецца ў інфармацыі, датычнасьць іх да нападу на будынак Дома ураду ўстаноўленая шматлікімі відэаматэрыяламі тых падзей.
Гэта Класкоўскі Аляксандр, Мікіта Ліхавід, Атрошчанкаў Аляксандр, Федаркевіч Алег і Хамічэнка Уладзімір.
Практычна ўсе гэтыя асобы, акрамя Хамічэнка Уладзіміра, унесены ў спіс падазраваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках, які падае сайт Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Апроч таго, раней было вядома, што Федаркевіч Андрэй знаходзіцца ў статусе падазраванага. З інфармацыі праваахоўных органаў вынікае, што яму таксама прад’яўленае абвінавачваньне.
Такім чынам, па стане на 11 студзеня вядомыя прозвішчы 27 абвінавачваных па крымінальнай справе па артыкуле 293, частках 1 і 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Масавыя беспарадкі" і 14 падазраваных.