Суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Аксана Міхнюк задаволіла зыск Мінінфармацыі аб спыненні дзейнасці газеты "Згода"
17 сакавіка суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Аксана Міхнюк задаволіла зыск Мінінфармацыі аб спыненні дзейнасці газеты "Згода". Падставай для спынення дзейнасці сталі 2 папярэджанні напрацягу года за парушэнне арт. 5 Закона аб друку. Між тым, тэрмін, вызначаны на абскарджанне другога папярэджання, яшчэ не скончыўся. Юрыст ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" А. Бастунец, які прадстаўляў інтарэсы рэдакцыі ў судзе, лічыць, што тым самым было парушана замацаванае законам аб друку права рэдакцыі на абскарджанне прэтэнзіі.
Суддзя прапаноўвала пачаць разгляд справы па сутнасці ўжо 15 сакавіка, адразу пасля падрыхтоўчага паседжання. Аднак прадстаўнікі рэдакцыі "Згоды" запярэчылі, нагадаўшы суддзі пра месячны тэрмін на абскарджанне папярэджання. Тады ж суд адхіліў хадайніцтва рэдакцыі наконт адмены судовай пастановы аб прыпыненні газеты да вынясення рашэння па сутнасці. (У хадайніцтве адказчыкі падкрэслівалі, што "прыпынене дзейнасці газеты да рашэння суда ніякім чынам не можа паўплываць на выкананне яшчэ не вынесенага судовага рашэння").
Нагадаем, што 6 сакавіка Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы Гаспадарчы суд зыск аб спыненні дзейнасці недзяржаўнай газеты "Згода". 7 сакавіка ВГС прыняў зыск да разгляду, а таксама, па просьбе міністэрства, прыпыніў газету яшчэ да суда. Падставай для закрыцця "Згоды", на думку Мінінфармацыі, з'яўляецца неаднаразовае парушэнне рэдакцыяй патрабаванняў арт. 5 Закона "Аб друку і іншых СМІ" (першае папярэджанне па гэтым артыкуле было вынесена 9 лістапада і тычылася гумарыстычных калажаў з выявамі дзяржаўных асобаў; другое было вынесена 23 лютага за перадрукоўку малюнкаў, што раней сталіся прычынай "карыкатурнага скандалу"). Акрамя гэтага, міністэрства прасіла адразу ж прыпыніць газету, бо, маўляў, за гэты час "адказчык можа груба парушыць патрабаванні закона аб друку".