На Гарадзеншчыне працягваюцца затрыманьні і ператрусы
Учорашнія ператрусы ў мястэчку Луна Мастоўскага раёну не былі апошнімі. Таксама ў Луне акрамя дамоў Лявона Карповіча і Аляксандра Пудаўкіна, крыху пазьней быў праведзены вобшук у хаце Уладзіміра Брыцько, сябра Кансэрватыўна Хрысьціянскай Партыі БНФ і Асьветніцкага Грамадзкага Аб’яднаньня "Фонд імя Льва Сапегі". А сёньня, ў гэтыя хвіліны, адбываецца ператрус у Шчучыне. Яго праводзяць на працоўным месцы мясцовага лекара Васіля Бязьмена, які зьяўляецца актыўным удзельнікам выбарчай кампаніі каманды Аляксандра Мілінкевіча. Жонка Бязьмена перакананая, што гэты ператрус зьвязаны з крымінальнай справай, якая была распачата супраць яшчэ аднаго актывіста выбарчай кампаніі Сяргея Ляшкевіча. Апошні, пакуль ідзе "сьледзтва", быў арыштаваны на тры месяцы.
Сёньня ж у Гародні будуць судзіць затрыманых учора Яўгена Лясоцкага, сябра рады Гарадзенскай арганізацыі БНФ і Артура Сьмятаніна, сябра Гарадзенскай арганізацыі АГП. Абодва, згодна адпрацаванай схемы, напэўна атрымаюць па некалькі сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта дробнае хуліганства.